- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Што ёсць каханне? Ці існуе яно наогул? Гэтыя і іншыя пытанні аб існаванні найвышэйшага пачуцця заўсёды турбавалі, турбуюць і будуць турбаваць чалавецтва ў цэлым і кожнага індывідуума асобна. Як падае тлумачальны слоўнік, каханне – гэта «вялікае сардэчнае пачуццё да пэўнай асобы іншага полу». І вось паўстаюць пытанні, ці сапраўды існуе такое «вялікае сардэчнае пачуццё» і калі існуе, то як вызначыць яго межы? Разгортваючы гэтую думку шырэй, як вызначыць той дзівосны пункт, калі каханне, скажам так, пачынаецца і... заканчваецца? Ніхто, думаецца, не будзе спрачацца, што каханне, калі яно ёсць (гэта ўмова будзе мецца на ўвазе і далей адносна паняцця «каханне» да поўнага вырашэння нашай праблемы), – пачуццё ірацыянальнае, невытлумачальнае. Значыць, вызначыць ступень пачуцця можна толькі адносна, ды і то з вялікай нацяжкай. Гэта будзе поўны суб’ектывізм. Колькі людзей, столькі і думак, сказаў нехта. Але яшчэ трэба дадаць, што ў асобнага чалавека таксама нельга знайсці дзве падобныя думкі ў працэсе эвалюцыі яго мыслення (нават праз секунду), хаця знешне (праз мову) яны (думкі) могуць выглядаць падобнымі, тоеснымі. Такім чынам, на маю думку, выявіць ступень «сардэчнага пачуцця», з якой пачынаецца каханне, практычна немагчыма. (Замест аўтарскіх уводзінаў, фрагмэнт)