У выдавецтве Skaryna Press у Лондане нядаўна выйшаў дэбютны зборнік апавяданняў беларускай пісьменніцы з Новай Зеландыі Вольгі Касцюк пад назвай «Дубовые яблочкі». Гэта шчыры і смелы праект асабістага летапісу, які пачынаецца па-расейску, а заканчваецца на беларускай мове і паляшуцкай гаворцы аўтаркі.
У кнізе сабраныя гісторыі, якія нарадзіліся падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе і пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Аповеды пра людзей, іх боль, выбар і памяць, якія пранізаны тэмамі фемінізму, дэкаланізацыі і мовы.
З «Госцяй Рацыі» — Вольгай Касцюк — карэспандэнтка радыё размаўляе пра тое, як стваралася кніга, чаму важна было напісаць яе па-беларуску і нават па-палеску, і чым асаблівым для яе з’яўляюцца «Дубовые яблочкі».
РР: «Дубовыя яблочкі» — ваш дэбютны зборнік. Як вы прыйшлі да такога фармату? Як стваралася гэтая кніга? І хто паўплываў, каб яна з’явілася?
Вольга Касцюк: У прадмове да кнігі напісала, што гэтую кніжку я пачала пісаць у 2020 годзе. Заўсёды хацела стаць пісьменніцай, але ніколі на гэта не было часу. І вось, калі дзеці троху падраслі, я вырашыла, што гэты час настаў. І тут як раз здарыўся 20-ы год. На пісьменніцкіх курсах, якія я ў той час наведвала, гэта было, на жаль, курсы ў Маскве, таму што я не магла нічога знайсці ў Беларусі, там нам параілі пісаць пра тое, што вас хвалюе. І мяне вельмі хвалявалі падзеі 2020 года, пратэсты і тое, што адбываецца ў Беларусі.
І так я пачала пісаць гэтыя апавяданні. Бо я ніяк не магла па-іншаму падтрымліваць беларусаў, я не знаходзілася ў Беларусі. Я не магла выходзіць на вуліцы. Таму я вырашыла, што буду пісаць апавяданні. Выбрала такую кароткую форму. Таму што, калі пішаш апавяданні, то ты можаш выбраць розныя тэмы і розных герояў. То бок, у цябе больш магчымасцяў, чым, калі ты пішаш навэлу, ці раман.
Я вырашыла, што буду пісаць апавяданні, і такім чынам я буду пратэставаць. І ў мяне была такая задача, што я буду іх па магчымасці публікаваць і па магчымасці нават перакладаць на англійскую мову і публікаваць у англамоўным асяродку.
Гэтыя апавяданні множыліся-множыліся. І затым, у 2022 годзе, калі здарылася паўнамаштабнае ўварванне расейскіх войскаў ва Украіну, вельмі цяжка мне было пісаць на рускай мове. Мой сябра сказаў мне, што ты ведаеш беларускую мову, твая бабуля, якая цябе выхавала, заўсёды гаварыла на беларускай мове, ты вучылася ў беларускамоўнай школе, ты можаш пісаць па-беларуску.
Спачатку я вельмі скептычна да гэтага аднеслася, але вырашыла паспрабаваць. І насамрэч памяць захавала мову, і яна паступова да мяне вярнулася. І так з’явіліся апавяданні на беларускай мове. Цалкам адышла ад рускай мовы. І спадзяюся, больш туды не вярнуся.
Цалкам гутарка — у далучаным аўдыёфайле!
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Вольгі Касцюк.