- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пра стварэнне навуковай гісторыі беларускае літаратуры шырока пачалі гаварыць у сярэдзіне 1920-х гг. Вядома, варта памятаць пра першыя крокі ў гэтым кірунку Рамуальда Зямкевіча (1881–1944), Сяргея Палуяна (1890–1910) і Максіма Багдановіча (1891–1917), якія, аднак, былі адно спробамі ахарактарызаваць літаратурны працэс мінулага. Нявырашанай засталася праблема і пасля таго, як у 1919–1922 гг. з’явіліся працы Яўхіма Карскага (1860–1931), Мікалая Янчука (1859–1921) і Максіма Гарэцкага (1893–1938), што ў большай ці меншай ступені фіксавалі (“рэгістравалі” Я. Карскі) літаратурны матэрыял. Не ставала – у першую чаргу – канцэпцыі і метадалогіі аналізу беларускага літаратурнага працэсу. Магчыма, з гэтай прычыны Уладзіслаў Чаржынскі (1897–1974) не раз адкрыта адмаўляў існаванне гісторыі беларускае літаратуры як навукі і лічыў працу папярэднікаў адно толькі біяграфічнымі нататкамі ды вольным пераказам зместу твораў. (Замест прадмовы, фрагмент)