- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мікола Сямёнавіч КУПРЭЕЎ нарадзіўся 25 траўня 1937 года ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля вайны сям’я пераехала на Брэстчыну. У 1957 годзе Мікола Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу, а затым факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962). Працаваў у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты. Нейкі час лёс пісьменніка быў цесна звязаны з Ганцаўшчынай, дзе ён працаваў настаўнікам у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах. У 1994 годзе яго прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Апошнія гады жыцця быў звязаны з Берасцейскім Палессем, думкамі ж заўсёды вяртаўся ў роднае Ямнае — калыску сваёй паэтычнай і вандроўнай душы. Літаратурную працу Мікола Купрэеў пачаў у 1957 годзе. З канца 80-х яго вершы, паэмы, балады пачалі ўсё часцей з’яўляцца ў перыёдыцы. Першая кніга паэзіі «Непазбежнасць» выйшла ў 1967 годзе. Яна, у асноўным, складаецца з балад і элегій, і таму ў ёй пераважаюць ціхія, самотныя інтанацыі. Але ў такой ціхай споведзі аўтара заўсёды адчуваюцца тыя грымотныя падзеі, якія пакінулі след на зямлі і ў сэрцы паэта. Мікола Купрэеў вельмі рэдка звяртаўся да гімнаў, а калі пісаў іх, то прысвячаў роднаму полю, лесу… Хараство прыроды, любаванне ёю і адначасова боль за родны край перадае не адзін верш паэта: «Камень», «Лістападная балада», «Журавы не пралятаюць міма», «Вясна», «Цішыня», «Лясныя сполахі»…