- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вялікае, кажуць мудрыя, бачыцца на адлегласці. Часцей за ўсё — на адлегласці часу. А калі больш дакладна — дык «па часе», запознена. Ці не тое ж адбылося з нацыянальным адраджэнскім рухам у ХХ стагоддзі? Няўжо сусветныя войны, сатанінскія сацыяльныя эксперыменты, фабрыкі смерці, тэрарызм, глабальнае спустошанне жыццёвай прасторы з’яўляюцца абавязковай заканамернасцю эвалюцыі чалавека разумнага? І чаму б, хоць і па часе, сучаснаму чалавеку не задумацца над пытаннем: якім шляхам магла б пайсці еўрапейская гісторыя ў залітым крывёю ХХ стагоддзі, калі б будучыню планаваў, кажучы словамі Янкі Купалы, «Вялікі сход», агул суверэнных народаў, а не тайныя змовы Вялікага інквізітара з Вялікім злодзеем? Два апошнія — гэта з мастацкіх твораў, адпаведна Фёдара Дастаеўскага і Кузьмы Чорнага. Калі ж заглянуць у генезіс глыбей, дык убачым папярэджанне аб пагрозе, пакінутае нашчадкам продкамі з таго далёкага часу, калі ўся чалавечая культура была чалавеку роднай, па-цяперашняму — народнай. Вось тады супольны чалавечы розум, які выдатныя філосафы пазней справядліва назвалі Абсалютным духам, убачыў страшную пагрозу на гістарычнай дарозе чалавека — вялікага Змея-злодзея. Было гэта ў часы, якія вучоныя абазначылі як эпоху неалітычнай аграрнай рэвалюцыі. Рэвалюцыя цягнулася на працягу тысячагоддзяў.