- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На падараванай мне ксеракопіі «Батанічнага слоўніка» ёсць надпіс: «Паважанаму і дарагому Валодзі Ягоўдзіку на добрую памятку даўгога знаёмства. З. Верас. 26/9 1987 г. Вільня». Наша «даўгое» знаёмства пачалося ў 1975 годзе, калі я вучыўся на філфаку БДУ. Аднойчы паэт С. Новік-Пяюн паказаў мне «Заранку» — дзіцячы часопіс, які выдаваўся ў канцы 20-х і на пачатку 30-х гадоў у Вільні. Сяргей Міхайлавіч друкаваў у гэтым часопісе свае вершы і расказаў, што яго рэдактарка сябравала з Максімам Багдановічам. Менавіта ён падахвоціў мяне наладзіць сустрэчу студэнтаў з Зоськай Верас, падказаў яе віленскі адрас. Мы прыехалі сонечнай раніцай, у нядзелю, напрыканцы кастрычніка. На вакзале нас чакаў Лявон Луцкевіч, зяць Людвікі Антонаўны. Спачатку ён прапанаваў нам зрабіць невялікую экскурсію. Прывёў да Вострай брамы і Базыльянскіх муроў, да касцёла святой Ганны. Потым селі ў тралейбусі праз паўгадзіны апынуліся ў за чараваным казачным лесе, упрыгожаным восеньскай пазалотай. А калі дрэвы расхінуліся, на прыгорку стаяла хата пад шыферным дахам, з вялікімі вокнамі. («Трымаюся за зямлю…» Лісты Зоські Верас да Уладзіміра Ягоўдзіка)