- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
9 Мая я звычайна віншаваў бацьку і ягоных франтавых сяброў. Яны збіраліся пасля ўрачыстага афіцыёзу дзе-небудзь на беразе рэчкі ці ў ляску, выпівалі па сто франтавых за тых, хто да гэтага дня не дажыў, курылі і маўчалі. А калі ўспаміналі пра вайну, дык іх успаміны мала нагадвалі тыя карціны пераможных баталій і пампезнага гераізму, якія маляваліся савецкай прапагандай. Можна сказаць, ніяк не нагадвалі... Мой бацька, які прайшоў вайну ад пачатку да канца, распавёў аднойчы, як патрапіў у штрафную роту. Паслалі яго ў тыл па снарады. Пагрузілі яны з сябруком тыя снарады ў палутарку, а сябрук кажа: «Я ведаю, дзе тут піва можна папіць. Заўтра наступленне, давай вып’ем перад смерцю». На перадавой — смерць, а ў тыле, хоць і вайна, — жыццё. Пры штабе — піўная. Зайшлі яны, а ў піўной налівае піва бацькаў зямляк. Бацька кажа: «Каму немцаў забіваць — каму піва наліваць». (Уладзімір Няклякў, Перамога. Яны наперадзе ідуць, фрагмент)