- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
"Пазлы" нашых жыццяў Калі пішаш уступны артыкул да тома выбраных твораў пісьменніка, узнікае заканамернае адчуванне, што ствараеш канспект рамана. Скажам, біяграфія Фадзея Булгарына — цалкам падобна да авантурна-гістарычнага рамана. Тут ёсць і дзяцінства ў абхопленай касцюшкаўскім паўстаннем Беларусі, і малалецтва ў кадэцкім корпусе (білі там «паляка» Булгарына зусім як юнага героя іспанскай пікарэскі), служба ў войсках Напалеона, судовая цяжба ў сталіцы імперыі, а затым — скандальныя гады доўгага жыцця аўтара бэстсэлераў, рэдактара галоўнай афіцыёзнай газеты, супрацоўніцтва з палітычнай паліцыяй — і смерць усім ненавіснага літаратурнага генерала, які здолеў дамагчыся ў жыцці ўсяго, акрамя добрага імя і пасмяротнай рэпутацыі. Зусім іншая біяграфія ў Аляксея Карпюка. Гэта гісторыя жыцця праўдалюбца, змаганне за ўдасканаленне краіны вакол чалавека і чалавека ў гэтай краіне. У булгарынскім томе — «экспертныя цыдулкі» ў III Аддзяленне імператарскай канцылярыі (тагачасны ідэалагічны «глаўк»), у томе Карпюка — палымяныя публічныя прамовы й іншая публіцыстыка. І канспект яго жыцця — вучоба ў даваеннай Вільні, вайна, уцёкі з канцлагера, партызаншчына, пасляваенны час — і дысідэнцтва, час здабыткаў і стратаў, веры і расчараванняў. Гэта ўжо — сацыяльна-псіхалагічны раман.