«Ля возера Сьвідна. Размовы з мамай». Новая кніга ад Kamunikat.org
2023-11-11 22:29
Kamunikat.org выдае кнігі на беларускай мове для беларусаў па ўсім свеце (а таксама для ўсіх, хто цікавіцца Беларуссю!) І гэта не толькі проза і паэзія, але і мемуарыстыка, той жанр, якога вельмі не хапае беларускай літаратуры. Успаміны без цэнзуры. Сямейная гісторыя.
"Ля возера Сьвідна. Размовы з мамай" - гэта ўспаміны Данаты Мурзёнак, запісаныя яе сынам Пётрам Мурзёнкам. У кнізе распавядаецца пра жыцьцёвы лёс Данаты Генрыхаўны Мурзёнак (дзяв. Мажэйка), якая больш за сорак гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у школах Пастаўскага краю ў Беларусі і ў суботнім беларускім класе ў сталіцы Канады Атаве. За сваё жыцьцё яна навучыла прыгожа пісаць і чытаць, танцаваць і сьпяваць каля 600 беларускіх дзетак.
Ідзе размова ня толькі пра школу, але і пра дзяцінства настаўніцы, цяжкія пасьляваенныя гады і вучобу ў педвучэльні, а таксама пра побыт вясковых настаўнікаў, уключаючы жыцьцё і працу ў вёсцы Дварчаны, дзе яна з мужам пражылі разам сорак пяць гадоў, а па прыезьдзе ў Канаду адзначылі дыямантавы юбілей у шлюбе.
Расказваецца і пра тое, як яна дае сабе раду ў пажылым веку, застаўшыся бяз мужа ў далёкай краіне. У кнізе зьмешчаны здымкі з сямейных архіваў.
Замовіць кнігу "Ля возера Сьвідна. Размовы з мамай" можна
па спасылцы.