Ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры стаў вугорскі пісьменьнік Ласла Краснагоркаі
2025-10-09 14:21
Імя ляўрэата сёлетняй Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры абвясьцілі у Стакгольме. Уладальнікам Нобэлеўскай прэміі 2025 году стаў вугорскі празаік і сцэнарыст Ласла Краснагоркаі.
Краснагоркаі лічаць найважнейшым жывым аўтарам Вугоршычны, чые творы дасьледуюць тэмы постмадэрнісцкай дыстапіі і мэлянхоліі.
Швэдская акадэмія ўшанавала яго «за яго пераканаўчую і празорлівую творчасьць, якая сярод апакаліптычнага жаху пацьвярджае сілу мастацтва».
Летась Швэдзкая акадэмія выбрала ляўрэатам паўднёвакарэйскую раманістку Хан Ган. Нарвэскі пісьменьнік і драматург Юн Фосэ перамог у 2023 годзе, а француская пісьменьніца Ані Эрно — у 2022 годзе. А дзесяць гадоў таму прэмію ўпершыню прысудзілі беларусцы — Сьвятлане Алексіевіч.
Нобэлеўскую прэмію ў хіміі за 2025 год траім навукоўцам— Сусуму Кітагава, Рычард Робсан і Омар Ягі. Яны ўзнагароджаныя «за распрацоўку мэталаарганічных каркасаў».
Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію 2025 году ў галіне фізыкі тром навукоўцам. Гэта Джон Кларк, Мішэль Дэварэ і Джон Мартыніс.
Прэмію прысудзілі «за адкрыцьцё макраскапічнага квантава-мэханічнага тунэляваньня і квантаваньня энэргіі ў электрычным ланцугу».
Нобэлеўская прэмія ў фізіялёгіі і мэдыцыне прысуджана за дасьледаваньні ў галіне імуналёгіі. Яе атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі — Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакаґуці.
Іх адзначылі за дасьледаваньні, зьвязаныя з пэрыфэрычнай імуннай талерантнасьцю.
Літаратурная прэмія — гэта чацьвёртая ўзнагарода, якая аб’яўляецца штогод пасьля Нобэлеўскіх прэмій у мэдыцыне, фізыцы і хіміі. Прэмія міру будзе абвешчана ў пятніцу ў Осла, гэта адзіная нобэлеўская ўзнагарода, якая не ўручаецца ў Стакгольме. Нобэлеўскі тыдзень завяршаецца ў панядзелак уручэньнем Нобэлеўскай прэміі ў эканамічных навуках.
Кожная Нобэлеўская прэмія гэтага году прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1,1 мільёна даляраў). Прэміі будуць афіцыйна ўручаныя ляўрэатам на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці швэдзкага вынаходніка і заснавальніка Нобэлеўскага фонду Альфрэда Нобэля (1833–1896).
Беларусь мае двух Нобэлеўскіх ляўрэатаў — акрамя Алексіевіч гэта Алесь Бяляцкі, якому ўручылі Нобэлеўскую прэмію міру. Алексіевіч праз палітычны перасьлед вымушаная была пакінуць Беларусь, а Бяляцкі ў чарговы раз сядзіць у турме пасьля палітычна сфабрыкаванага прысуду.