- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэта трэба адчуць. Чым больш я ўслухоўваюся ў тры мэлядычныя склады яе імя, чым глыбей рассмакоўваю гэтыя сем гукаў, спрабуючы напрыканцы ўлавіць няісны, апошні, самы пранізьлівы, а ён усё прападае з празрыстай літарай; чым даўжэй любуюся гэтым хвалюючым, белым-белым з гарачай чырваньню сьцягам — тым больш веру. У мяне пачынае буйней біцца сэрца й кружыцца галава. Хочацца ціха заплюшчыць вочы й малітоўна, урачыста шаптаць пра сябе: Магутны Божа! Бязьмежная мудрасьць Твая! Невымерная ласка Твая! ДЗЯКУЮ Табе за тое, што я нарадзіўся менавіта ў ГЭТАЙ КРАІНЕ!.. У краіне ахвяраў, войнаў і катастрофаў, сярод народу геніяў і сьвятых. Сярод найвялікшых могільнікаў чалавечай гісторыі. У Сэрцы Эўропы, найважнейшым духовым цэнтры між Захадам і Ўсходам. Бо я веру, што Беларусь — гэта нешта намнога больш значнае, чым прынята думаць. Раз-пораз здаецца, што яшчэ сэкунда, і мы вось-вось спасьцігнем, скрышталізуем для сябе гэты момант ісьціны: настолькі празрыстая яго сутнасьць, настолькі ясна пабліскваюць, граюць грані чагосьці ідэальна цэласнага, так працінае — да іскрыстых сьлёзаў, да галюцынацыяў. І я ўвесь час паўтараю сам сабе: Беларусь, у якой мы маем гонар жыць, ча кае вялікая будучыня.