У гэтым навучальным годзе ў беларускіх школах з’явіцца новы курс па гісторыі і зменіцца падручнік па ангельскай мове, у які заклалі «патрыятычны патэнцыял». Настаўнік і гісторык Дзмітрый Цеслюкевіч расказаў, што ён пра гэта думае, а таксама падяліўся меркаваннем пра тое, што можа дапамагчы ў сучасных умовах у Беларусі атрымаць якасную школьную адукацыю.
«Трэба, каб быў тэндар на распрацоўку падручнікаў»
Дзесяцікласнікаў будуць вучыць
па новым падручніку —
«Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі». Гэта інтэграваная дысцыпліна, якая дае поўнае ўяўленне аб гістарычным працэсе, казаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Новы падручнік ён ужо падарыў Аляксандру Лукашэнку.
«Думаю, што сярод мэтаў новага падручніка будзе паказаць, што „беларусам бліжэй Усход, чым Захад“, — кажа настаўнік. — Магчыма, таму вырашылі аб’яднаць два прадметы і зрабіць новы курс, але, калі глядець аб’ектыўна на гэта ўсё, то я сэнсу ў гэтым аб’яднанні асабліва не бачу як настаўнік. Але яшчэ трэба будзе паглядзець, які падручнік зробяць для 11 класаў у наступным годзе, там ужо будзе нашмат больш зразумела, бо вывучаецца сучаснасць, наша рэчаіснасць».
Настаўнік хацеў бы пры падрыхтоўцы падручнікаў бачыць розныя аўтарскія калектывы, а не адзін і той жа. Ён звяртае ўвагу, што не хапае канкурэнцыі.
«Трэба, каб быў тэндар на распрацоўку падручнікаў, а так ўсё непразрыста адбываецца — расказвае ён. — Напрыклад, дзесяць падручнікаў напісалі для нейкага класа, а дапускаецца да працы толькі некалькі з іх, і каб самі настаўнікі ў кожнай школе на метадычным аб’яднанні маглі выбраць, па якім падручніку яны будуць працаваць. Гэта б пашырыла канкурэнцыю, узмацніла б самі падручнікі».
Дзмітрый Цеслюкевіч кажа, што, на яго думку, сярод найлепшых падручнікаў за апошнія гады быў па грамадазнаўству, які выпусцілі яшчэ ў 2019-2020 гадах. Пры выкладанні гісторыі ён заўсёды карыстаўся дадатковымі дапаможнікамі.
«Аднаго падручніка нават для базавага матэрыялу мала. Гэта не адзіны інструмент, які можа цяпер выкарыстоўваць настаўнік. Лічу, што ў сучасным свеце, дзе адукацыйныя працэсы, трэнды змяняюцца вельмі хутка, вельмі важна за гэтым паспяваць, бо толькі сам падручнік для дзяцей нецікавы.
Думаю, што вырашаць, колькі матэрыялу даваць, таксама павінен сам выкладчык, бо гэта залежыць ад канкрэтнага класа, як яны засвойваюць матэрыял, якая зацікаўленасць, таму я выступаю за наяўнасць вялікай колькасці падручнікаў, каб быў выбар, з чым працаваць», — тлумачыць ён.
«Настаўнікі ангельскай мовы не вучаць дзяцей па падручніках ад Міністэрства»
Таксама днямі міністар адукацыі Андрэй Іванец анансаваў змены і ў падручніку па ангельскай мове. У новае выданне заклалі «патрыятычны патэнцыял», напрыклад, тэкст пра Лондан замянілі на аналагічны пра Мінск. «Мы ж хочам, каб нашы дзеці расказвалі гасцям пра сваю краіну, а не расхвальвалі чужую», — сказаў Іванец.
«Па-першае, вельмі сумняюся, што замена тэкста паўплывае на тое, каб беларускія школьнікі сталі яшчэ большымі патрыётамі, чым яны ёсць цяпер, — кажа Дзмітрый. — Любоў да радзімы ў дзяцей адрозніваецца ад таго, як гэту любоў бачыць Андрэй Іванец ці чыноўнікі. Па-другое, настаўнікі ангельскай мовы не вучаць дзяцей па падручніках ад Міністэрства. Усе вучыць ангельскую па падручніку, які прапануе настаўнік, набываюць іх дадаткова, а тыя ляжаць амаль новыя на паліцы, дастаюць іх, калі прыходзіць праверка з Міністэрства адукацыі».
Раней за новы падыход да вывучэння ангельскай мовы браўся намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай. Год таму ён заклікаў не апускацца ў гісторыю і культуру носьбітаў мовы і прыбраць са школьных класаў англійскую і амерыканскую атрыбутыку — флагі, чырвоныя тэлефонныя будкі, двухпавярховыя аўтобусы.
Дзмітры Цеслюкевіч падсумоўвае, што магчымасцей атрымання якаснай гуманітарнай адукацыі ў беларускіх школах становіцца ўсё менш у першую чаргу ў сувязі з ідэалагізацыяй.
«Цяпер атрыманне добрых ведаў залежыць ад канкрэтнага настаўніка і бацькоў, як яны ставяцца да адукацыі дзяцей, наколькі яны ў кантэксце падзей. Ім трэба цяпер займаць праактыўную пазіцыю. Выратаваць таксама можа самаадукацыя, альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі: тут я маю на ўвазе не адзін падручнік замяніць на другі, а выкарыстанне літаратуры, інтэрнэту для пошуку, якім пакуль не забаронена карыстацца», — расказвае ён.
Агата Мурашка, Budzma.org