- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мяне заўсёды бянтэжыла ў нашым літаратуразнаўстве схільнасць да зухаватых абагульненняў. Калі савецкі час яшчэ ствараў для такой метадалогіі падставы, імкнучыся засунуць увесь светапарадак пад адну накрыўку марксісцка-ленінскай тэорыі фармацый і класавай барацьбы, то сёння сінтэтычныя выкладкі выглядаюць больш чым дзіўна. Прынамсі, у нас, у нашай філалагічнай навуцы, якая, у адрозненне ад многіх іншых, не прайшла фазу франтальнага збору, каталагізацыі і публікацыі фактычнага матэрыялу па гісторыі літаратуры. Дагэтуль яшчэ можна знайсці невядомыя аўтографы Купалы, Коласа, Багдановіча, а тыя пісьменнікі, якім менш пашчасціла з міфалагізацыяй і бронзавымі пастаментамі, наогул застаюцца ў глыбокім падполлі, амаль не даследуюцца і прышпільваюцца толькі праз коску – як падмацаванне да чыйгосьці чарговага абагульнення па пэўным перыядзе развіцця літаратуры.