- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Амаль заўжды пасля чарговага працоўнага адпачынку штосьці здараецца... Вяртаешся ў Мінск, а тут і вестка... На гэты раз — сумная. У Маскве пайшоў з жыцця паэт Андрэй Вазнясенскі. З яго імем звязана цэлая эпоха, найперш у расійскай паэзіі, але гэтая эпоха нейкім чынам тычыцца і нас. Ва ўсялякім выпадку, старэйшых пакаленняў айчыннай літаратуры, чыё станаўленне адбывалася ў былой агульнай краіне СССР. Туды, у тое даўно прамінулае жыццё і вяртаюся гэтымі днямі, згадваючы, што тымі часамі Андрэй Вазнясенскі часта наведваў Беларусь, і не толькі дзеля літаратурных вечароў у філармоніі, куды даводзілася літаральна прарывацца. Славуты паэт Расіі неаднойчы прыязджаў у нашу краіну проста на адпачынак, вельмі цаніў і любіў паэзію Рыгора Барадуліна, ды, напэўна, і сябраваў з ім, тут, як правіла, спрацоўвае прынцып — магутны талент шукае магутнага таленту. У тую ўжо далёкую эпоху былі плеяды, сузор’і магутных талентаў, як у рускай паэзіі, гэтак і ў нашай, пра што нярэдка цяпер згадваюць як пра феномен. А можа, за гэтым феноменам хаваецца нейкая заканамернасць?