Манаграфія Андрэя Масквіна пра эміграцыйныя часопісы выйша па-беларуску
2026-02-05 13:12
Да
70-годдзя кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выйшла манаграфія прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, літаратуразнаўцы, культуразнаўцы і перакладчыка
Андрэя Масквіна „Беларускія эміграцыйныя часопісы: «Пагоня», «Сакавік», «Наперад!»” (2025). Гэта пашыраны і нязначна перапрацаваны пераклад
польскай версіі, апублікаванай у 2018 годзе.
Як прызнаецца сам аўтар, прычынай перакладу на беларускую мову
стала сітуацыя пасля 2020 года, калі адбылася трэцяя хваля эміграцыі беларусаў. У краінах, куды яны эмігравалі (у першую чаргу ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і Грузіі), сутыкнуліся з мноствам праблем, такіх як пошук жылля і працы, арганізацыя паўсядзённага жыцця,
пошук розных формаў супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай, якая ўжо існавала ў еўрапейскіх краінах, стварэнне супольнасці з прыбылымі беларусамі, удзел у беларускім грамадскім і культурным жыцці эміграцыі. Праглядаючы розныя сацыяльныя сеткі, даследчык заўважыў, што многія пытанні, якія задаюць сённяшнія эмігранты, нагадваюць тыя, што задавалі і абмяркоўвалі эміграцыя пасля Другой сусветнай вайны. У першую чаргу гэта тычыцца часопіса
«Наперад!», у якім адметнае мейсца займаў раздзел публіцыстыкі.
Як падкрэсліваюць рэцэнзенты, манаграфія
Андрэя Масквіна спалучае ў сабе навуковы стыль, здольнасць дакладна падаваць гістарычныя факты з уменнем апісваць даўнія падзеі ў лёгкай і даступнай форме. Але вельмі важна, што кожны чытач знойдзе тут адказы на шмат якія пытанні, якія турбуюць яго ў час знаходжання ў эміграцыі. Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэтае выданне павінна стаць абавязковым чытаннем для кожнага эмігранта.
Творы, прадстаўленыя ў гэтых трох часопісах – пераважна паэзія і проза – паказваюць, як разгортваўся літаратурны працэс у эміграцыі. Многія з гэтых твораў павінны былі ўвайсці ў канон беларускага літаратура XX стагоддзя. Аднак з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі гэта стала немагчымым.