Марыя Калесьнікава пра мову, гвалт, шопінг утрох і парады Алексіевіч
2020-08-04 15:52
Марыя Калесьнікава, прадстаўніца аб’яднанага штабу альтэрнатыўнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, — пра сямʼю, беларускую мову, фэмінізм, парады Сьвятланы Алексіевіч, сумесны шопінг, як ствараліся галоўныя лёзунгі кампаніі і чым рызыкуюць усе яе ўдзельнікі.
Сьцісла
Тое, што мы ўтрох змаглі ўзяць на сябе адказнасьць, — гэта адказ на заяву дзейнай улады, што Канстытуцыя ў Беларусі не пад жанчыну-прэзыдэнта.
Калі казаць пра палітычны складнік, я нічога не баюся. Тое, што адбылося, — гістарычны пераломны момант, і цяпер толькі пытаньне часу, як хутка зможа адбыцца эвалюцыя.
Я цудоўна разумею, што многім цяпер не хапае беларускай мовы ў нашай выбарчай праграме. Калі б у нас было паўгода, мы б стрымы вялі і па-беларуску, і па-расейску.
Я дагэтуль выступаю на сцэне ў сваіх праектах і ў праектах, у якія мяне запрашаюць. У Эўропе гэта нармальна, што музыка сам рэалізуе свае ідэі. Я ўмею рабіць усё — ад дратоў на сцэне да выпуску афішы.
Жанчын мала падтрымліваюць мужчыны, і мала падтрымліваюць самі жанчыны. Сваім прыкладам я шмат гадоў кажу, што калі мы, жанчыны, ня будзем падтрымліваць адна адну, нам ніхто не дапаможа.
Пасьля выступу на мінулым тыдні мы стэлефанаваліся з Алексіевіч, яна нам падзякавала, некаторыя пажаданьні выказала, як мы можам яшчэ лепей размаўляць зь беларускім народам.
Марыя Калесьнікава — адна з найбольш яскравых прадстаўніц выбарчага штабу зьняволенага прэтэндэнта на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі, сябра абʼяднанага штабу альтэрнатыўнай кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай. Музыка, сьпікерка TEDx, арганізатарка міжнародных праектаў, арт-дырэктарка менскай прасторы «ОК16». Выпускніца Беларускай акадэміі музыкі і Вышэйшай школы музыкі ў Штутгарце. Флейтыстка, выкладчыца, дырыжэрка, стваральніца аўтарскага праекту «Ўрокі музыкі для дарослых»...
Як узьнікла «долбить» і «Я магу гэта зьмяніць»
— Марыя, мы з вамі гутарылі каля месяца таму, вы былі адной з ключавых фігураў у штабе Бабарыкі, многія толькі пачыналі даведвацца пра вас. Цяпер вас ведае, праўдападобна, уся Беларусь. З вас, Сьвятланы і Веранікі пішуць карціны, вас малююць гераінямі коміксаў. Як вы з гэтай папулярнасьцю спраўляецеся?
— Гэтая папулярнасьць вельмі прыемная. Вялізарная колькасьць людзей вельмі рады нас бачыць, і я ім адказваю ўзаемнасьцю. Гэта дадае мне сілы і ўпэўненасьці, што мы робім гэта слушна.
— Кожная з вас выходзіць на сцэну з пазнавальнымі ўжо фразамі. Як узьнікла, напрыклад, вашае «долбить»? Сам прыдумалі ці быў мазгавы штурм? Бо гэта даволі моцны мэсыдж, які вы людзям пасылаеце.
— Быў сумесны мазгавы штурм, але трэба разумець перадгісторыю. За тры месяцы, з таго моманту, як Віктар Бабарыка вырашыў вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта, мы прайшлі вялікі шлях. Колькасьць падзей, якія здараюцца кожны дзень, проста зашкальвае. Тое, што ў звычайным жыцьці адбываецца на працягу году, мы перажываем за тры дні — колькасьць перашкодаў і адмоваў улады, нашых скаргаў, зваротаў, тэлефанаваньняў. Тое, як мы выказваем нязгоду, і тое, як яны рэагуюць на яе, усе гэтыя дзеясловы — выходзіць, стаяць, назіраць — атрымліваецца ў выніку, што мы гэтую ўладу спрабуем «дзяўбці» і «дзяўбці». Некалі гэта пераломіцца. Гэта доўгі працэс, і гэтае слова вельмі ёміста выказала тое, што мы спрабуем рабіць. Насамрэч яны ж робяць з намі тое самае.
— А як узьнікла фраза «Я магу ўсё зьмяніць»?
— Гэта вельмі натуральна. Кожны зь беларусаў, які знаходзіцца на нашых мерапрыемствах, у нейкі момант гэта зразумеў ці адчуў, а мы проста гэта змаглі выказаць. Усе гэтыя 26 гадоў ва ўсіх нас быў комплекс непаўнавартасьці ў тым, што ад нас нічога не залежыць. Гэта ўсё ідзе яшчэ з Савецкага Саюзу, і мала было часу, каб нацыя зразумела, што яна нацыя, што мы адзін народ, што мы можам уплываць на наша агульнае жыцьцё. Гэта працяглы працэс, і мне падаецца, што мы змаглі выказаць словамі тое, што адбылося цяпер у душы кожнага беларуса.
— Чаго вы баіцеся?
— Калі казаць пра палітычны складнік, то я ўвогуле нічога не баюся. Я перакананая, што тое, што адбылося, — гістарычны пераломны момант, і цяпер гэта толькі пытаньне часу, як хутка зможа адбыцца гэтая эвалюцыя. Я падкрэсьліваю, што гэта эвалюцыя, таму што яна адбылася ў галовах людзей. Калі большасьць людзей гэта ўсьвядоміць, улады нічога ня змогуць зрабіць.
Ці сапраўды сыдзеце, калі дасягняце пераменаў
— Расейскі апазыцыянэр Уладзімір Мілоў казаў Свабодзе, што Сьвятлана Ціханоўская, вы і Вераніка Цапкала ўжо ўвайшлі ў гісторыю, што ваш вобраз утрох — гэта будучыня Беларусі, што б вы там ні вырашылі потым — сыходзіць ці застацца. Ці сапраўды вы сыдзеце, калі прыйдуць перамены?
— Калі я зразумею, што мае сілы і досьвед дапамогуць і надалей паляпшаць сытуацыю ў Беларусі, то я змагу працягнуць гэта. За сваіх каляжанак я цяпер не змагу адказаць. За сябе скажу, што я працягну падтрымліваць Віктара Дзьмітрыевіча. Я дакладна ведаю, што гэты чалавек варты быць прэзыдэнтам Беларусі, што ў яго атрымаецца зрабіць тое, што ён задумаў, і ў яго рэальна неверагодная каманда, якая яму можа ў гэтым дапамагчы. І найлепшы прыклад, як ён змог абʼяднаць людзей, — гэта прыклад нашага штабу, калі, нягледзячы на варʼяцкія затрыманьні дзясяткаў людзей, мы ўсё роўна працягваем эфэктыўна працаваць, нягледзячы на рызыку абсалютна для кожнага з нас — рызыку страты працы, свабоды, рызыку гвалту.
Сямʼя і розныя мовы
— Сотні тысяч людзей паглядзелі вашы выступы праз стрымы Свабоды ці непасрэдна на выбарчых мітынгах. Раскажыце для нашай аўдыторыі пра вашу сямʼю, бацькоў, сястру. Ці праўда, што яна вучылася ў Коласаўскім ліцэі?
— У мяне застаўся толькі тата, маці год таму памерла. Паводле адукацыі яны інжынэры. Тата служыў на падводнай лодцы, потым выкладаў у авіяцыйным каледжы, займаўся бізнэсам. Цяпер ён на пэнсіі, але ўсё роўна актыўны, працуе. Бацькі сьвядома вельмі шмат аддавалі ўвагі нашай зь сястрой адукацыі, падтрымлівалі нас у жаданьні разьвівацца. Я і сястра скончылі музычную школу. У далейшым гэта стала маёй прафэсійнай дзейнасьцю. Мая сястра скончыла Коласаўскі ліцэй, потым паступіла на мэхмат БДУ. Цяпер яна бізнэс-аналітык у адной з кампаній, але адначасна займаецца і музыкай. Яна сьпявала ў рок-опэры «Чарадзей» у праекце Рамана Арлова. Яе завуць Тацяна Хоміч.
— Дык сястра беларускамоўная?
— Мы ўсе ў нейкім сэнсе беларускамоўныя.
— Яна вучылася ў часы, калі ліцэй быў яшчэ ў цэнтры Менску, ці калі ўжо стаў падпольным?
— Гэта быў апошні выпуск, калі вучыліся ў цэнтры Менску. Мы з бацькамі былі на яе выпускным, дзе гучаў «Народны альбом». Гэта ўсё для нас вельмі блізка. Бацькі нас падтрымлівалі. Тата вельмі перажывае цяпер, але кожны дзень дасылае паведамленьні, каб падбадзёрыць. Гэта ўжо стала традыцыяй, што перад кожным выступам у Менску ён дорыць мне, Сьвятлане і Вераніцы букеты ружаў.
— А як бацька галасаваў на выбарах?
— Бацькі хадзілі галасаваць на ўсе выбары. Я сама хадзіла галасаваць на ўсе прэзыдэнцкія выбары, акрамя апошніх. Я памятаю дзень выбараў у 1994 годзе, калі зьмянілася гісторыя Беларусі. Ня памятаю, за каго бацькі галасавалі, але дакладна не за дзейнага прэзыдэнта. Яны ня згодныя з тым, што адбывалася і адбываецца.
— Мая знаёмая чула ваш выступ на нейкай канфэрэнцыі EPAM. Паводле яе, вы гаворыце па-ангельску практычна без акцэнту. На колькіх мовах вы свабодна гаворыце?
— Мне прыемны такі камплімэнт, але мне кажуць, што па-ангельску я гавару ўсё ж зь нямецкім акцэнтам. Я размаўляю па-нямецку, па-ангельску, па-беларуску і па-расейску. Апошнія 12 гадоў я найбольш гавару па-нямецку і крыху па-расейску. Менш гавару па-ангельску і па-беларуску. Таму я крыху саромеюся, але імкнуся пры любой магчымасьці гаварыць на гэтых мовах.
— Усе заўважаюць, што ў абʼяднаным штабе хутка рэагуюць на патрабаваньні, пажаданьні людзей. Прасілі болей беларускай мовы, і цяпер вашы выступы на выбарчых мітынгах пачынаюцца па-беларуску. Вы самі сталі больш гаварыць па-беларуску. Я так разумею, што беларуская мова ў вас пакуль проста пасіўная. Як вы ўдасканальваеце беларускую?
— Мне складана пераключацца паміж любымі мовамі. Калі трапляю ў беларускамоўнае асяродзьдзе, я пачынаю гаварыць, але нашмат больш павольна, чым па-расейску. Я шмат чытаю па-беларуску, люблю размаўляць зь людзьмі па-беларуску. Гэта выклікана ў тым ліку і любоўю маіх бацькоў да Беларусі. Бабулі і дзядулі нас выхоўвалі, што мы беларусы і павінны ведаць беларускую мову. Я цудоўна разумею, што многім цяпер не хапае беларускай мовы ў нашай выбарчай праграме. Гэта тлумачыцца найперш тым, што мы вельмі шмат павінны пасьпець за кароткі час, і таму мы выбіраем той фармат, у якім нам больш камфортна. Калі б у нас было паўгода, мы б стрымы вялі і па-беларуску, і па-расейску. Але ў нас ёсьць тры тыдні, за якія трэба данесьці 9 мільёнам беларусам нашы ідэі, расказаць, хто мы такія і што мы робім. Лепей больш сказаць, каб потым была магчымасьць і па-беларуску, і па-ангельску, і па-расейску з усімі кантактаваць. Сайт Віктара Бабарыкі мы вельмі хутка пераклалі на беларускую і ангельскую мовы, і гэта нам дапамагалі зрабіць валянтэры.
— Вы кажаце, што шмат па-беларуску чытаеце. Зразумела, што цяпер не да літаратуры. А ў звычайным жыцьці каго зь беларускіх аўтараў чытаеце, як сучасных, так і клясыкаў?
— З клясыкаў — Караткевіча і Багдановіча, з сучасных — Марціновіча. Зь беларускіх аўтараў, якія пішуць па-расейску, безумоўна, Сьвятлану Алексіевіч. Мне сугучныя творы Сашы Філіпенкі.
Музычная карʼера ў Беларусі і Нямеччыне
— Раскажыце пра вашу музычную карʼеру ў Беларусі і ў Нямеччыне, пра працу ў розных аркестрах.
— Мы зь сястрой сусьветную музычную клясыку ведалі ад маці, а клясыку року — ад бацькі. Прыблізна ў адзін час мы слухалі канцэрты Рахманінава і рок-опэру Jesus Christ Superstar. Гэта арганічна спалучалася зь дзяцінства. Мы з маці часта выяжджалі ў краіны Эўропы і абавязкова ішлі ў опэрны тэатар, на канцэрт, у музэй, на выставу. А потым бацькоў пачыналі знаёміць з сучасным мастацтвам, бо ў Менску з гэтым цяжка. Яны спачатку ашалелі, а потым, калі пачыналі разьбірацца, у чым ідэя, чаму сучасныя мастакі так ці інакш рэагуюць на падзеі, усё разумелі і падтрымлівалі мяне ў тым, што я займаюся прафэсійна сучасным мастацтвам.
Я пачала працаваць вельмі рана. У 17 гадоў я ўжо выкладала флейту ў гімназіі ў Менску. У мяне была магчымасьць граць у розных калектывах — опэрны тэатар, аркестар Фінберга (там быў ансамбль флейцістаў, зь якім мы абʼезьдзілі ўсю Беларусь). Калі толькі арганізоўваўся прэзыдэнцкі аркестар, шмат студэнтаў у ім гралі, і я ў тым ліку. Калі я заканчвала кансэрваторыю і стажыроўку пры Акадэміі музыкі, зразумела, што хачу далей разьвівацца, і паступіла на магістра ў Нямеччыну, і змагла скончыць па дзьвюх спэцыяльнасьцях.
Я дагэтуль выступаю на сцэне як у сваіх праектах, так і ў праектах, у якія мяне запрашаюць. У Эўропе гэта нармальна, што музыка, калі ў яго ёсьць свае ідэі, сам іх рэалізуе. Ад дратоў на сцэне да выпуску афішы — я ўмею рабіць усё, у тым ліку расстаўляць крэслы, бо шмат разоў гэта рабіла. Плюс фінансавыя пытаньні, пошук грошай на музычныя праекты. У Нямеччыне я прайшла сапраўдную школу мэнэджмэнту, уліку, арганізацыі, і гэты неверагодны досьвед магу прымяняць у Беларусі.
Я пачала працаваць вельмі рана. У 17 гадоў я ўжо выкладала флейту ў гімназіі ў Менску. У мяне была магчымасьць граць у розных калектывах — опэрны тэатар, аркестар Фінберга (там быў ансамбль флейцістаў, зь якім мы абʼезьдзілі ўсю Беларусь). Калі толькі арганізоўваўся прэзыдэнцкі аркестар, шмат студэнтаў у ім гралі, і я ў тым ліку. Калі я заканчвала кансэрваторыю і стажыроўку пры Акадэміі музыкі, зразумела, што хачу далей разьвівацца, і паступіла на магістра ў Нямеччыну, і змагла скончыць па дзьвюх спэцыяльнасьцях.
Я дагэтуль выступаю на сцэне як у сваіх праектах, так і ў праектах, у якія мяне запрашаюць. У Эўропе гэта нармальна, што музыка, калі ў яго ёсьць свае ідэі, сам іх рэалізуе. Ад дратоў на сцэне да выпуску афішы — я ўмею рабіць усё, у тым ліку расстаўляць крэслы, бо шмат разоў гэта рабіла. Плюс фінансавыя пытаньні, пошук грошай на музычныя праекты. У Нямеччыне я прайшла сапраўдную школу мэнэджмэнту, уліку, арганізацыі, і гэты неверагодны досьвед магу прымяняць у Беларусі.
Пра жаночую салідарнасьць
— Чым адрозьніваецца беларускі і нямецкі музычны сьвет? Ня ў пляне выкананьня музычных твораў, а ў арганізацыі, ролях мужчын і жанчын?
— У бізнэсе, навуцы, на кіроўных пасадах жанчын вельмі мала і ў Эўропе таксама. Некалькі дзесяцігодзьдзяў ідзе працэс зьменаў, але гэта абсалютны факт, што мужчын больш. Ёсьць некалькі прычынаў. Адна зь іх, пра якія рэдка гавораць фэміністкі, да якія я сябе таксама далучаю, — што самі жанчыны ня хочуць браць на сябе гэтую адказнасьць. Гэта праўда. І шмат мужчын ня хочуць браць на сябе адказнасьць і не ідуць у гэтыя складаныя сфэры. Іншая справа, што жанчыны першапачаткова маюць мала інфармацыі пра тое, што яны гэта могуць рабіць. І маюць мала падтрымкі. Гэта таксама факт. Жанчын мала падтрымліваюць мужчыны, і мала падтрымліваюць самі жанчыны. І я сваім прыкладам шмат гадоў кажу, што калі мы, жанчыны, ня будзем падтрымліваць адна адну, то нам ніхто не дапаможа.
Любая жанчына, якая ў топ-мэнэджмэнце ў опэрным тэатры, на фэстывалі, у IT-кампаніі, на заводзе, прайшла да гэтай пасады нашмат больш доўгі і складаны шлях, чым мужчыны. Нашмат болей было пачуцьця ўласнага пераадольваньня, калі трэба праз свае страхі і няпэўнасьць рабіць тое, што ты хочаш і любіш. Мужчын зь дзяцінства рыхтуюць, што са складанасьцямі трэба спраўляцца, што цябе падтрымаюць. Мужчынскае камʼюніці адзін аднаго вельмі шмат падтрымлівае. Жанчынам трэба навучыцца рабіць тое самае — верыць у сябе, не спыняцца перад перашкодамі.
Многія скажуць: а можа ня трэба, лепей дома з мужам? Кожны выбірае сам для сябе, але абавязкова трэба расказваць, што такі варыянт таксама магчымы і што ёсьць пасьпяховыя ролевыя мадэлі. Для мяне былі пасьпяховыя ролевыя мадэлі менавіта ў мастацтве, у жанчын, зь якімі я пазнаёмілася ў Нямеччыне, якія кіруюць вядомымі фэстывалямі. Я ўбачыла, што ў іх гэта атрымліваецца ў нечым лепей, чым у многіх мужчын. І гэта стала прыкладам таго, што гэта можна рабіць.
Ці зьявіцца гендэрны парадак дня ў жаночага трыё
— У адной зь перадачаў «Толькі жанчыны» гендэрная экспэртка, філёзаф і сацыёляг аналізавалі фэномэн папулярнасьці вашага саюзу са Сьвятланай і Веранікай. І экспэрткі выказалі спадзяваньне, што ў вашых прамовах, заявах, праграмах зьявіцца гендэрны парадак дня, што будуць уздымацца праблемы жанчын, няроўнасьці. Усе заўважаюць, як імгненна абʼяднаны штаб прыслухоўваецца да пажаданьняў людзей. Ці зьявіцца гендэрны, фэмінісцкі парадак дня ў прамовах жаночага трыё?
— Мы над гэтым увесь час працуем. Гэта складаны працэс, таму што многія з нас у гэтай ролі ўпершыню. Мы ўпершыню агучваем свае думкі і ідэі. Трэба разумець, што сам учынак, само дзеяньне, што мы ўтрох змаглі ўзяць на сябе гэтую адказнасьць у роўнай ступені, гэта ўжо вельмі вялікая заява. І ў многім гэта адказ на заяву дзейнай улады, што Канстытуцыя ў Беларусі — не пад жанчыну-прэзыдэнта. Гэта адказ ад усіх нас. Мы лічым, што Канстытуцыя Беларусі зробленая пад жанчыну. Была агучаная ідэя, што прэзыдэнтам можа стаць толькі мужчына, які служыў у войску. Мне насамрэч спадабалася рэакцыя Лідзіі Ярмошынай, якая гэта адразу абвергла і заявіла, што правы ва ўсіх роўныя і ня трэба гаварыць пра войска, каб стаць кандыдатам на прэзыдэнта.
І тут, можа, частка жаночай салідарнасьці адыграла ролю. Ярмошына — адна з важных асобаў у дзяржаве, і тое, што яна мае права такім чынам выказваць сваю нязгоду, гэта таксама жаночая салідарнасьць, таксама праява фэмінізму насамрэч, нават у такім завуаляваным выглядзе. Я думаю, вельмі хутка надыдзе той момант, калі мы зможам рэчы называць сваімі імёнамі, не саромецца і не баяцца дамагацца сваіх правоў, гаварыць пра гэта, уздымаць гендэрны парадак дня.
Чаму патрэбныя шчырыя размовы зь людзьмі пра гвалт
— Калі Вераніка Цапкала расказала са сцэны драматычную гісторыю сваёй маці, многія зьвярнулі ўвагу на тое, што мала хто з палітыкаў-мужчынаў зрабіў бы такое, пабаяўшыся празьмернай шчырасьці, схаваўшы перажытыя беды. Ці не падаецца вам, што ў беларускай палітыцы бракавала шчырасьці і сьмеласьці, што тычыцца прыватных рэчаў, перажытага гвалту, у якім не прызнаюцца? Як вы прыйшлі да гэтай канцэпцыі — шчырай размовы зь людзьмі, калі сталі дзяліцца прыватнымі гісторыямі, якія блізкія беларусам, бо гвалт перажылі і перажываюць многія?
— Мы да гэтага прыйшлі вельмі натуральна. Наша галоўная мэта — пазнаёміць і пазнаёміцца. Нам важна расказаць людзям, хто мы такія. У нас толькі тры тыдні, цяпер засталося амаль 6 дзён, за гэты час адзіны спосаб, якім магчыма кантактаваць, — абсалютная шчырасьць і праўда. У кожнай з нас абсалютна розныя прычыны, чаму мы знаходзімся на гэтай сцэне ўтрох. Акрамя любові, пра якую шмат гавораць, ёсьць, як у Веранікі, напрыклад, асабістая гісторыя, якая вельмі моцна паўплывала на яе.
Большасьць беларусаў сутыкаюцца з пачуцьцём несправядлівасьці. На працягу ўсяго жыцьця іх ня чуюць, таму гэтая гісторыя выклікала такі розгалас. На сам гвалт, паняцьце гвалту ў Беларусі ёсьць пэўнае табу. На гэтую тэму ніхто ня любіць размаўляць. Калі мы не гаворым пра праблему, яна нікуды не зьнікае. Трэба гаварыць, каб зразумець, як усім грамадзтвам вырашаць гэтую праблему. Я ўжо агучвала праблему хатняга гвалту. І тое, што ў Беларусі адмовіліся прымаць закон супраць хатняга гвалту, гэта злачынства. Улада паказвае, што з жанчынамі можна рабіць што заўгодна. Гэтае пытаньне мяне асабіста вельмі хвалюе, так ці інакш мы будзем вяртацца да гэтага пытаньня.
У Беларусі ў прынцыпе не прынята дзяліцца асабістымі перажываньнямі. Ужо 26 гадоў ёсьць толькі адна асоба, пра якую ўсе ведаюць. Ён часам сябе паводзіць агрэсіўна, па-хамску, часам дазваляе сабе гаварыць пра свае сямейныя справы, але ў людзей гэта не выклікае ніякага водгуку. Калі мы возьмем эўрапейскіх лідэраў, то вы хутчэй пабачыце, як плача Макрон, калі яго нешта кранае, чым Ангела Мэркель. Больш эмацыйным і харызматычным будзе мужчына. Калі мужчына махае рукамі са сцэны, кажуць, што гэта палітык-харызматык, калі гэта робіць жанчына, то гавораць, што яна нэрвовая і гістэрычка. Гэта стэрэатып, які працуе ў абодва бакі.
Тры гісторыі пра ўладу і Сьвятлана Алексіевіч
— Цяпер у сеціве адбываецца флэшмоб #трыгісторыіпраўладу #триисториипровласть, ініцыяваны вашымі выступамі. У такім жанры праўдзівых гісторый працуе Сьвятлана Алексіевіч, якая падтрымала вас. Ці маеце вы зь ёй сталы кантакт?
— Яна нас вельмі моцна падтрымлівае, і мы ёй вельмі за гэта ўдзячныя. Пасьля выступу на мінулым тыдні мы стэлефанаваліся, яна нам падзякавала, нават некаторыя пажаданьні выказала пра тое, як мы можам яшчэ лепей размаўляць зь беларускім народам, пра які яна ведае, напэўна, лепей, чым хто, бо яна ўсё жыцьцё прысьвяціла менавіта кантактам зь людзьмі.
Пра шопінг утрох і нязручныя пытаньні
— У свой час Гілары Клінтан на пытаньне журналіста, якому дызайнэру яна аддае перавагу, запыталася: ці задалі б вы такое пытаньне палітыкам-мужчынам? Ці ёсьць пытаньні, якія ўнутрана вас прымушаюць усьміхнуцца ці раздражніцца, але, тым ня менш, вы на іх адказваеце? Кшталту, якія мужчыны вам падабаюцца :)
— Мне ня вельмі падабаюцца пытаньні пра маё асабістае жыцьцё, але я разумею, што калі ты ўступаеш у мэдыйную прастору і табе людзі давяраюць, трэба пра многія рэчы гаварыць, нават калі ня хочацца. Вы бачыце, што я дастаткова шчыра гавару, часам гэта абарочваецца супраць мяне, але мяне гэта цяпер ня моцна хвалюе. Таму што тое, што мы робім, — гэта вельмі шчыра і слушна. У людзей заўсёды ёсьць выбар — верыць ці ня верыць. Я гатовая прынамсі гэтыя пытаньні выслухоўваць і адказваць па меры магчымасьці нават на нязручныя пытаньні.
— А ў працяг размовы пра дызайнэра. Многія зьвяртаюць увагу, як стыльна вы, Сьвятлана і Вераніка выглядаеце на сцэне. Ці прапаноўваюць вам крамы, дызайнэры вопратку? Як вы прадумваеце ваш вобраз у пляне адзеньня?
— Гэта адбылося натуральным чынам. Мы разам адзін раз пайшлі на шопінг, бо нам трэба было за кароткі час адна пра адну даведацца. Мы выбіралі адзеньне незалежна адна ад адной. І так супала, так атрымалася, што калі мы на сцэне (а мы ніколі не дамаўляемся, як адзяваемся), то заўсёды мы дапаўняем адна адну, і гэта дапамагае стварыць нейкі адзіны вобраз. На фатасэсіях, натуральна, нам дапамагаюць экспэрты і кансультанты.