Мастацкая літарара ад Камуніката на кніжным кірмашы ў Беластоку
2026-04-16 06:16
17.04.2026 / 10:00–18:30
18.04.2026 / 10:00–18:30
19.04.2026 / 10:00–16:30
Chorten Arena, ul. Słoneczna 1, Białystok
Камунікат таксама падрыхтаваў шэраг кніг беларускай мастацкай літаратуры.
Аляксей Карпюк, Вершалінскі рай — кніга, напісаная як раман — але ўсё гэта праўда
Маленькая вёска Грыбоўшчына на беларуска-польскім памежжы, на
Сакольшчыне. На памежжы вёска апынулася пасля ўсталявання мяжы, а ў
часы, апісваемыя аўтарам, гэта была Заходняя Беларусь, населеная, у
асноўным, праваслаўнымі з невялікай дамешкай каталікоў. Жыў у вёсцы
мужык – Альяш Клімовіч, які, назваўшыся памазанікам Божым, стварыў
секту. Праўду сказаўшы, сам Альяш сябе прарокам не лічыў, але навакольны
люд, ды чуткі, якія несліся пра ягоныя “здольнасці” па ваколіцы і
спарадзілі гэтую з’яву - саматужнага прарока Альяша Клімовіча. Раман
заснаваны на сапраўдных фактах, апісвае здарэнні, якія насамрэч
адбываліся на Сакольшчыне. Дагэтуль у Грыбоўшчыне стаіць царква,
пабудаваная Альяшам, а сам “прарок”, застрэлены немцамі ў час другой
сусветнай вайны, пахаваны на вясковых могілках. Аповесьць без станоўчых
герояў, але з хрысьціянскім спачуваньнем да кожнага. Хаця аўтар з такой
трактоўкай не пагадзіўся б.
Гэта аповед пра беларускае сялянства ў Польшчы міжваеннага перыяду. У
кніжцы паказаныя сапраўдныя вёскі і мястэчкі, сапраўдныя людзі і самае
цікавае — іх менталітэт. З таго часу прайшло амаль цэлае стагоддзе, усё
змянілася, апрача менталітэту. Нашчадкі тых сялян жывуць сёння ў
гарадах, карыстаюцца інтэрнэтам, мабільнымі тэлефонамі, перамяшчаюцца
дарагімі аўтамабілямі, гавораць нават на англійскай мове, толькі вераць
сёння ўсялякім Клімовічам, што прамаўляюць да іх па тэлевізары.
«Каласы пад сярпом тваім»
Уладзіміра Караткевіча — нязменна самы любімы
твор беларускай літаратуры. Гэта падарожжа ў
пярэдадзень паўстання
1863–1864 гадоў, але таксама і ў свет эмоцый чалавека, які можа і не
першым заўважыў несправядлівае замятанне пад хаднік сапраўднай
беларускай гісторыі, але адным з першых пякуча не мог прамаўчаць.
За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. У гэтым
выданні мы не толькі публікуем менавіта той тэкст, за які аўтар змагаўся
пры жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 года. Асцярожна,
кіруючыся тэксталагічнай эмпатыяй, мы робім некалькі важных кан’ектур і
тым вызваляем голас пісьменніка ад ідэалагічнага ціску. Мы вяртаем
асобныя формы словаў, што ў савецкі час былі непрымальнымі, а цяпер
цалкам звыклыя — і аказваецца, Караткевіч так і пісаў! Мы аднаўляем
аўтацэнзурныя скарачэнні: пісаў раман чалавек смелы, а ў друк аддаваў
рацыянальны. Забыліся імёны тых, хто рабіў з Караткевіча агульнага — і
нічыйнага, выкрэсліваючы з тэксту «Беларусь», «беларусаў», «Падняпроўе» і
«Раку». А словы зноў занялі належнае ім месца на старонках.
«Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі
іх па ёй вядуць». Так пачынае Уладзімір Някляеў свой новы раман «Гэй Бэн
Гіном», што значыць: «Геена вогненная». Першы сказ рамана - ягоны
сціслы змест. Ідэя, якая ў пытанні: «Мы самі выбіраем свой шлях, ці
выбіраюць за нас?» Раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра
ягоны лёс, таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». I аўтар вядзе нас
да гэтай таямніцы.
Васіль Быкаў, Мёртвым не баліць. Ліквідацыя — аповесці
без цэнзуры
Упершыню
аповесці «Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі» былі выдадзены без
цэнзурных купюр ужо пасля смерці аўтара — у 2014-м. Чакалася, што ад
гэтага часу быкаўскія творы будуць публікавацца выключна ў такой
непадуладнай цэнзуры рэдакцыі. Аднак гэтыя спадзяванні аказаліся марнымі
— Быкава ўсё адно друкавалі і друкуюць з праўкамі і купюрамі. А гэтая
кніга, якуя ў студзені выйдзе ў Беластоку, усяго толькі другое
непадцэнзурнае выданне. Выпадак не такі ўжо часты для беларускай
літаратуры — каб твор, хай сабе праз дзесяцігоддзі, але выйшаў без
аніякага ўмяшальніцтва цэнзуры. І дагэтуль яшчэ ўнікальны ў лёсе аўтара
«Мёртвым не баліць» і «Ліквідацыі».