- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Я з задавальненнем стаўлю «2018» каля назвы фестывалю, бо арганізатары (Белгазпрамбанк, Газпрам трансгаз Беларусь, Палац мастацтва, Цэнтр выяўленчага і медыямастацтва «Новая культурная ініцыятыва») абяцаюць зрабіць свята штогадовым. А сёння маецца добрая нагоды паразважаць пра тое, што адбываецца, калі грошы прыходзяць у наша мастацтва. «Сенсацыя! У Мінск едуць літаграфіі Далі, кераміка Пікаса, прынты нейкай там знакамітасці і “жывыя карціны” Ван Гога!» Сур’ёзна? З 1990-х, хоць бы па дарозе на Маскву ці з паваротам на Кіеў, тут было вельмі мала добрых міжнародных праектаў. У асноўным выставы перакаці-поле... На «Арт-Мінск» змагла прыехаць выстава маскоўскага мастака Сяргея Катрана, даволі затратная і іншым чынам тут малаверагодная. Шмат аўтараў рэалізавалі свае творчыя планы ў прыстойных экспазіцыйных умовах. Усяго было задзейнічана 18 пляцовак, каля паловы — для персанальных выстаў. Галоўная падзея — шырока рэкламаваны «куратарскі праект Стэфана Антанэлі», які адбыўся ў Палацы мастацтва. З 250 прац ён адабраў 150, зладзіўшы вялікую групавую экспазіцыю на ўсе паверхі. Арганізатары фестывалю (гэта варта засведчыць) не ставілі перад сабой ніякіх амбітных ці хоць бы зразумелых для вузкіх спецыялістаў мэт. Яны запусцілі пробны шар, каб паглядзець, што атрымаецца. «Зробім шмат усяго — і нешта з гэтага будзе», — так, ледзь не літаральна, было сказана на прэс-канферэнцыі. Фактычна «Арт-Мінск» — гэта карэкцыя «Восеньскага салона», сур’ёзна крытыкаванага прафесійнай супольнасцю.