«Мацкевіч дэманструе асаблівую пазіцыю, якая называецца філасофская»
2022-02-15 12:46
Ёсць сур'ёзная пагроза, што заўтра філосаф адмовіцца і ад вады.
На выходных у еўрапейскіх гарадах прайшлі акцыі падтрымкі і салідарнасці з філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам, які ўжо 11 дзён галадае за кратамі. Яго ўмовы – гэта змены меры стрымання з арышту на падпіску аб нявыездзе і перадачы справы ў суд. У пятніца адвакат паведаміў, што калі сёння гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя, то з аўторка ён адмовіцца і ад вады. Пакуль невядома пра якую-небудзь рэакцыю беларускіх уладаў.
Родныя і паплечнікі Уладзіміра Мацкевіча ўсімі сіламі стараюцца дамагчыся выканання патрабаванняў філосафа, бо ўпэўненыя, што ён гатовы пайсці да канца. На выходных у Лодзі адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная галадоўцы Мацкевіча.
«Гэта не толькі грамадзянскі і гуманітарны акт, Уладзімір дэманструе асаблівую пазіцыю, якая называецца філасофская», – гаварыла метадолаг і незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч. У сітуацыі канфлікту ў беларускім грамадстве, філасофія з’яўляецца вельмі важным элементам і пазіцыяй, каб канфлікт пачынаў вырашацца. Уладзімір Мацкевіч не хоча паміраць, але ў яго няма іншага шляху, як звярнуць увагу на вечныя каштоўнасці: разуменне дабра і зла, адкуль трэба пачынаць аднаўляць закон.
-Ён звяртаецца да ўсіх. Не толькі да тых, хто на нашым баку. Як філосаф, ён звяртаецца да ўсіх беларусаў, да тых, для каго каштоўныя дабро і справядлівасць, незалежнасць краіны, гонар. Ён звяртаецца да нашых сэрцаў і нашай волі, каб сітуацыя пачала вырашацца не сілай зброі, а сілай думкі і дабра. Смерць Уладзіміра нікому не патрэбная. Ён заклікае падтрымаць яго не проста акцыямі, не проста лістамі, але падтрымаць духоўна. Я заклікаю ўсіх беларусаў, усіх, хто можа паўплываць на дадзеную сітуацыю, рабіць усё магчымае, каб Уладзімір выйшаў з галадоўкі, а мы пры гэтым набылі і аднавілі сістэму каштоўнасцяў, якая важная для Беларусі.
Патрабаванні Уладзіміра Мацкевіча можна выканаць нават ва ўмовах прававога дэфолту Беларусі, лічыць дачка філосафа Надзея Лучанок. Яна адзначыла, што цяпер галоўная задача – выратаваць яму жыццё. Мінімум – гэта не дапусціць сухой галадоўкі. Максімум, каб усе яго патрабаванні былі выкананыя.
-Кожны можа зрабіць свой чалавечы выбар пра гуманітарныя, чалавечыя каштоўнасці. Пра гэта трэба не гаварыць, а трэба рабіць. Я прашу ўсіх максімальна распаўсюджваць інфармацыю, падпісаць петыцыю, звяртацца ў міжнародныя арганізацыі. Мы не можам дапусціць смерці чалавека ў заключэнні, без суда і следства. Таксама я звяртаюся да людзей, якія могуць прымаць рашэнні, нават ва ўмовах, якіх яны знаходзяцца, зрабіць пэўныя крокі. Мы, сваякі, будзем пра гэта казаць, крычаць і патрабаваць.
Лукашэнка робіць усё, каб знішчыць асабовасць беларусаў, знішчыць усіх людзей, якія хочуць сказаць праўду, як Уладзімір Мацкевіч, гаварыў на прэс-канферэнцыі Павал Латушка.
-Уладзімір Мацкевіч – той чалавек, які робіць усё, каб сказаць праўду, каб расказаць пра жах, які адбываецца ў Беларусі. Чалавек вельмі моцнага характару і моцнай волі, жадання даказаць гэтую праўду, даказаць словам, як павінен гэта рабіць філосаф. І за гэтае слова яго сёння караюць. Я б хацеў сказаць, што сёння нам сапраўды важна расказваць на прыкладзе Уладзіміра Мацкевіча пра жах, які перажывае беларускае грамадства, пра ахвяры нашага грамадства. Нельга дапусціць, каб у Беларусі паявілася яшчэ адна ахвяра за праўду і справядлівасць.
На прэс-канферэнцыі прысутнічаў віцэ-мэр горада Лодзь Адам Пустэльнік. Паводле яго, нельга дапусціць цішыні пра сітуацыю Уладзіміра Мацкевіча. «Чым нас больш, тым мы мацнейшыя».
- Давайце гаварыць пра гэта як мага больш. Давайце збудуем кааліцыю людзей, якая будзе змагацца з сітуацыяй, якая закранае філосафа і іншых людзей у Беларусі, то бок з бяспраўем і нечалавечымі адносінамі. Спадзяюся, што гэтыя заклікі прынясуць поспех. Гісторыя шматразова паказала, што, па-першае, ціск мае сэнс, па-другое, самае кепскае, што можа адбыцца ў выпадку зла, гэта абыякавасць і цішыня.
На момант падрыхтоўкі сюжэту не было новай інфармацыі, ці змянілася сітуацыя вакол філосафа.
ав