- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Палітвязень Уладзімер Мацкевіч спыніў галадоўку і ўчора напісаў пра гэта заяву начальніку СІЗА. Пра гэта ён сам паведаміў адвакату.
Паплечнікі Ўладзімера Мацкевіч атрымалі інфармацыю ад ягонага адваката. Мацкевіч расказаў адвакату:
«Учора я пачаў адключацца. Сусед выклікаў урачоў, рабілі кропельніцу. Пасьля працэдуры была сустрэча са сьледчым, зь якой я заключыў, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і ўвечары каля 19.00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца».
Галадоўка Ўладзіміра Мацкевіча і вялікая хваля грамадзкай салідарнасьці дазволіла дабіцца таго, што былі прыняты рашэньні і ягонай справе быў дадзены ход, заявілі ягоныя паплечнікі.
"Нягледзячы на пазытыўны зрух у справе, якой дабіўся Ўладзімер Мацкевіч, ня ўсе патрабаваньні на гэты момант выкананыя. Гэта патрабуе ад нас працягу дзеяньняў накіраваных на завяршэньне сьледзтва і перадачы справы ў суд".
16 лютага быў трынаццаты дзень з пачатку галадаваньня Ўладзімера Мацкевіча за кратамі, і другі дзень, калі ён адмовіўся ад вады.
Філёзаф і палітвязень Уладзімер Мацкевіч пачаў галадоўку ўвечары 4 лютага. Ён патрабаваў вызваліць яго з-пад арышту пад падпіску аб нявыезьдзе; растлумачыць, у чым яго вінавацяць, і прызначыць дату суду над ім.
З 15 лютага ён перайшоў на «сухое галадаваньне», перастаўшы і піць.
16 лютага ягоны стан моцна пагоршыўся, сталі нямець рукі і ногі, упаў ціск. Вязьні паведамілі пра гэта супрацоўнікам СІЗА, тыя выклікалі турэмных мэдыкаў. Мацкевічу паставілі кропельніцу і ўкалолі вітаміны. Філёзаф ачуўся.
У сьвеце і ў Беларусі нарастала хваля салідарнасьці з Мацкевічам: з прычыны ягонай галадоўкі выказваліся вядомыя людзі, у беларускіх гарадах зьяўляліся надпісы і графіці ў падтрымку Мацкевіча. Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі заклікала неадкладна вызваліць вязьня з турмы.