- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Да 30-годзьдзя распаду СССР «Настоящее время» падрыхтавала праект пра нацыянальныя рухі ў былых савецкіх рэспубліках, зьяўленьне якіх стала магчымым з пачаткам перабудовы, а таксама пра іх уплыў на разьвіцьцё сытуацыі ў рэгіёнах.
Сярод іншых краін «Настоящее время» падало, што важна ведаць пра нацыянальны рух у Беларусі.
«Мы пракручвалі такі, здавалася б, неверагодны сцэнар і ламалі галовы: як гэта так зрабіць, каб Беларусь пацярпела менш за ўсё і каб нам адпасьці ад Савецкага Саюзу, ад Расеі, якая ланцугамі прывязала да сябе „саюзныя“ рэспублікі, як мага далей».
Гэтыя радкі — зь ліста праваабаронцы Алеся Бяляцкага да ягонай калегі Алены Лапцёнак, адпраўленага з папраўчай калёніі ў Бабруйску. Бяляцкі правёў у зьняволеньні некалькі гадоў у першай палове 2010-х. Цяпер яму 59 і ён зноў за кратамі — летам 2021 году беларускія ўлады «зьліквідавалі» мноства некамэрцыйных арганізацый, а іхных кіраўнікоў затрымалі. Не абышлі гэтыя рэпрэсіі і створаную Бяляцкім «Вясну» — праваабарончы цэнтар.
Падзеі, пра якія пісаў Бяляцкі Алене Лапцёнак і ў якіх ён, быўшы асьпірантам Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР, браў самы актыўны ўдзел, — гэта пачатак незалежнасьці Беларусі і адраджэньне яе нацыянальных традыцый у 1980-я. Расказваем, як з «моды на ўсё нацыянальнае» ў краіне пачыналіся палітычныя перамены, і якую ролю адыграў у гэтых падзеях Алесь Бяляцкі.
Ад фальклёру — да пераменаў
У 1980-я Савецкі Саюз пагружаўся ў глыбокі крызіс, але яшчэ да абвешчанай перабудовы ў многіх рэспубліках стала свабадней з грамадзкімі ініцыятывамі. У Беларускай ССР, у асноўным у моладзевым асяродзьдзі, пачалі зьяўляцца арганізацыі і рухі, мэтай якіх было адраджэньне нацыянальнай культуры. Сваімі акцыямі і асьветніцкай дзейнасьцю яны разварушвалі грамадзтва і натхнялі яго на перамены.
Зьяўляліся нацыянальныя рухі, так званыя моладзевыя таварыствы. Беларуская мова ў побыце і творчасьці, тэатар, літаратура, выяўленчае мастацтва, фальклёр і рок-музыка, а таксама захапленьне палітыкай, незалежнасьць думак — гэтыя прагрэсіўныя гурткі маладых і захопленых стваралі моду на нацыянальнае.
«Майстроўня»
Адным зь першых аб’яднаньняў, якія актыўна заняліся адраджэньнем нацыянальнай культуры, стала «Майстроўня». Студэнты і ўсе, хто пажадаў да іх далучыцца, пачалі з адраджэньня традыцый: вывучалі і праводзілі на гарадзкіх вуліцах і ў знакавых для беларускай культуры месцах народныя абрады — Каляды, Гуканьне вясны, Купальле; ладзілі лекцыі і канцэрты.
У 1983 годзе адзін з удзельнікаў «Майстроўні» Віктар Івашкевіч прапанаваў сабраць подпісы за навучаньне на беларускай мове — тады ў Менску не было ніводнай такой школы, вучылі толькі на расейскай. Аказалася, што 80% тых, каго ўдалося апытаць, выступілі «за». Гэта стала адкрыцьцём для актывістаў: ніхто ня мог уявіць, што прыхільнікаў нацыянальнай беларускай культуры так шмат. Неўзабаве, у 1984 годзе, пры ўдзеле «Майстроўні» адкрылася Таварыства беларускай школы — у далейшым яно вяло агітацыю за адкрыцьцё школ і дзіцячых садоў на беларускай мове. І хоць збор подпісаў вельмі хутка забаранілі спэцслужбы, гарадзкія ўлады ўсё ж адкрылі набор у беларускія клясы ў адной са школ Менску.
«Талака»
У 1985 годзе зьявілася «Талака» — арганізацыя, створаная як клюб аховы помнікаў і архітэктуры. Яе сябры ня толькі ўдзельнічалі ў рэстаўрацыйных работах і археалягічных раскопках, але і актыўна займаліся асьветніцтвам. Удзельнікі «Талакі» ўвялі традыцыю ладзіць беларускія абрадавыя сьвяты, прыводзілі ў парадак месцы, зьвязаныя з памяцьцю Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году, а напрыканцы васьмідзясятых — калі гэта стала магчыма — удзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзеньні масавых мерапрыемстваў.
Менавіта «Талака» ўспомніла і вярнула ў якасьці патрыятычнага лёзунгу заклік «Жыве Беларусь!» і правяла першую публічную лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У другой палове 1980-х «Талака» была самай вялікай і ўплывовай неафіцыйнай арганізацыяй у Беларусі.
Адзін з заснавальнікаў «Талакі» Вінцук Вячорка так расказваў пра гэтыя гады:
«Ня ўсё нам тады ўдалося, але ўдалося больш, чым не ўдалося. Пытаюцца, як удалося пры камунізьме ў самой „дубовай“, „зацэмэнтаванай“ так званай рэспубліцы Савецкага Саюзу вось так дзейнічаць і паступова вярнуць беларускую ідэю, зрабіць яе моднай і прэстыжнай, заразіць ёю спачатку тысячы, потым дзясяткі і сотні тысяч людзей? Па-першае, канкурэнцыі ў той ідэі не было. А па-другое, тактычна прамахнуліся тагачасныя ўлады: нас звалі „нефармаламі“. ...Вывучалі разам аматараў матацыклаў, нацыяналістаў, аматараў поп-музыкі, якія называліся тады „валністы“, турыстаў, аматараў бардаўскай песьні... Вывучалі зьнешнія прыкметы, адносіны з бацькамі і пазашлюбныя адносіны, але не разумелі, што ёсьць зачатак новай Беларусі, у якой месца іх камсамолам-камунізмам няма і ня будзе».
«Тутэйшыя»
Важнай часткай гэтай новай моладзевай культуры, у цэнтры якой апынулася мова і нацыянальныя каштоўнасьці, была літаратура ўвогуле і самвыдат у прыватнасьці. У 1986 годзе зьявілася таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», яго ўзначаліў Алесь Бяляцкі — будучы праваабаронца, а тады асьпірант Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР. Пазьней многія ўдзельнікі «Тутэйшых», у тым ліку і Бяляцкі, заснавалі «Мартыралёг» — першую праваабарончую арганізацыю, а таксама ўвайшлі ў склад БНФ «Адраджэньне» — ужо грамадзка-палітычнага руху.
Часопіс «Бурачок»
Для тых, каму была цікавая нацыянальная тэма, у самвыдаце выходзіў часопіс «Бурачок» (пад псэўданімам Мацей Бурачок у канцы ХІХ стагодзьдзя пісаў вядомы беларускі паэт Францішак Багушэвіч). «Размовы шэптам аб беларускай незалежнасьці, дэмакратыі і свабодзе павінны былі стаць прадметам адкрытага абмеркаваньня», — пісаў Алесь Бяляцкі, успамінаючы падпольнае выданьне. Часопіс друкавалі на партатыўнай друкарскай машынцы на папяроснай паперы. Каб не захоўваць машынку дома і ня ставіць нікога пад небясьпеку (КДБ мог па асаблівасьцях адбіткаў літар і лічбаў выйсьці на машынку, а празь яе — на стваральнікаў часопіса), пасьля працы над чарговым нумарам яе закопвалі ў зямлю ў лесе пад Менскам.
«Купіўшы пачак папяроснай паперы і пачак капіркі, я друкаваў цэлую ноч, устаўляючы закладку за закладкай, пакуль не надрукаваў патрэбную колькасьць асобнікаў. Раніцай вынес рэшткі нявыкарыстанай паперы і капіркі ў сьмецьцевы бак. Затым старанна працёр машынку, каб сьцерці адбіткі пальцаў, і занёс Віктару Івашкевічу разам з надрукаванымі і змацаванымі асобнікамі „Бурачка“. У якасьці вокладкі ішла звычайная пісчая папера. Пры маёй актыўнасьці ў „Тутэйшых“ такая начная праца была даволі небясьпечнай. Але і даверыць яе камусьці таксама было небясьпечна», — расказваў Алесь Бяляцкі ў лістах.
Першыя «Дзяды»
У 1987 годзе «Тутэйшыя» правялі першы мітынг, прымеркаваны да Дня памяці продкаў «Дзяды», які традыцыйна адзначалі беларусы да рэвалюцыі і стварэньня СССР. На гэтую акцыю ля помніка Янку Купалу ў Менску прыйшлі 300 чалавек. Заяўку на правядзеньне акцыі падалі, але рэакцыі на яе ніякай не было — і ўдзельнікі проста выйшлі. Бяляцкі лічыць, што ўлады разгубіліся, таму мітынг прайшоў спакойна.
Курапаты
Праз год, у 1988-м, за некалькі месяцаў да Дзядоў, у газэце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул дысыдэнта і археоляга Зянона Пазьняка і інжынэра Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». Так увесь сьвет даведаўся пра ўрочышча пад Менскам — найбуйнейшае ў Беларусі месца масавых расстрэлаў і пахаваньняў рэпрэсаваных у гады Вялікага тэрору. Па розных ацэнках, у Курапатах супрацоўнікі НКВД расстралялі ад 30 тысяч (зьвесткі Генпракуратуры БССР) да 250 тысяч чалавек (зьвесткі польскага прафэсара Зьдзіслава Віньніцкага). Рэзанансны артыкул абмяркоўвалі ня толькі ў літаратурных і дысыдэнцкіх колах, а літаральна ўсюды: на кухнях і ў школах, у інстытутах і на працы. Актывісты заплянавалі «Дзяды» каля Ўсходніх могілак у Менску. Але гэтым разам заяўку на правядзеньне мерапрыемства заўважылі і не ўхвалілі — «у сувязі з правядзеньнем мерапрыемства да 60-годзьдзя камсамолу».
Але Бяляцкі і ягоныя паплечнікі ўсё роўна вырашылі правесьці акцыю. На яе прыйшлі, паводле розных ацэнак, 15–20 тысяч чалавек. Калёнай удзельнікі накіраваліся на ўскраіну гораду — у Курапаты. Алеся Бяляцкага як арганізатара затрымалі адразу ж. Мітынг у Курапатах жорстка разагналі з ужываньнем спэцсродкаў: міліцыя біла людзей дубінкамі і выкарыстоўвала сьлезацечны газ.
«Рэзананс ад гэтай акцыі для ўладаў быў вельмі нечаканы. Грамадзтва абурылася, народ пачаў думаць над тым, што адбываецца навокал і што трэба рабіць. Улічваючы, што за месяц да гэтага быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту, гэта дало новаму руху тысячы прыхільнікаў. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі пачалі адбывацца імкліва. Ніхто ня мог такога прадбачыць. Юнацкая мара пра незалежнасьць краіны стала рэальнасьцю», — успамінаў Алесь Бяляцкі.
Тады ён атрымаў першы ў сваім жыцьці штраф — 200 савецкіх рублёў (сума, супастаўная зь сярэднямесячнай зарплатай у СССР у гэты час). Грошы яму сабралі калегі па Інстытуце літаратуры Акадэміі Навук. «Напэўна, тады ўва мне пачаў нараджацца праваабаронца», — адзначаў Бяляцкі.
Музэй Багдановіча
За грамадзянскую актыўнасьць Алеся Бяляцкага двойчы выганялі з асьпірантуры (але ён усё ж скончыў яе ў 1989 годзе і на базе дысэртацыі выпусьціў кнігу «Літаратура і нацыя»), не ўзялі на працу ў Акадэмію навук, а таксама ні ў Магілёўскі, ні ў Віцебскі пэдынстытуты.
Яму ўдалося стаць малодшым навуковым супрацоўнікам у Музэі гісторыі беларускай літаратуры, а неўзабаве Бяляцкага выбралі на пасаду кіраўніка Літаратурнага музэю імя Максіма Багдановіча. Гэта быў першы выпадак, калі на пасаду дырэктара музэю не прызначалі зьверху, а выбіралі, расказала Алена Лапцёнак, калега Бяляцкага. Выбар паў на яго як на маладога супрацоўніка, які падае надзеі. І музэй дзякуючы актыўнай дзейнасьці Бяляцкага хутка ператварыўся ў адзін са сталічных культурных цэнтраў. «У нас у музэі знаходзіліся рэдакцыі газэт „Свабода“, „Наша ніва“, мы дапамагалі фальцаваць газэты, якія друкаваліся, Алесь даваў юрыдычны адрас многім недзяржаўным арганізацыям, якія ў той час масава рэгістраваліся», — узгадвае Алена Лапцёнак.
«Мартыралёг»
Шэсьце ў Курапаты зьмяніла стаўленьне да дэмакратычнага і нацыянальнага руху ў Беларусі, зрабіла яго масавым. З 1989 году беларусы сталі штогод адзначаць Дзень памяці продкаў «Дзяды». Пасьля затрыманьняў падчас шэсьця яго ўдзельнікі стварылі «Камітэт-58», названы так па нумары артыкула КК РСФСР (контрарэвалюцыйныя злачынствы), Па гэтым артыкуле и яго аналягах у саюзных рэспубліках былі несправядліва асуджаныя больш за 3,5 млн чалавек. На базе «Камітэту-58» зьявілася Таварыства памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг» — дасьледчая і асьветніцкая супольнасьць, удзельнікі якой, як «Мэмарыял» у Расеі, зьбіралі сьведчаньні злачынстваў сталінскіх часоў і камунізму. У яго стварэньні ўдзельнічаў і Алесь Бяляцкі.
БНФ
Аўтар прагрымелага артыкула пра Курапаты Зянон Пазьняк быў лідэрам аргкамітэту Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (БНФ «Адраджэньне») — грамадзка-палітычнага руху, які абвяшчаў мэтай сваёй працы дэмакратычныя рэформы і адраджэньне беларускай нацыі. У лютым 1989 году БНФ арганізаваў першую апазыцыйную акцыю, якая была дазволена ўладамі: на мінскім стадыёне «Дынама» пад бел-чырвона-белымі сьцягамі каля 40 тысяч чалавек запатрабавалі скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіраўнічую ролю Камуністычнай партыі.
Чарнобыльскі шлях
30 красавіка 1989 году ў Менску прайшоў першы Чарнобыльскі шлях — шэсьце ад парку Чалюскінцаў да плошчы Леніна (цяпер плошча Незалежнасьці) у памяць аб тых, хто загінуў і пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Арганізатарам шляху выступіў Беларускі народны фронт. Улады не дазволілі правядзеньне шэсьця і на гэтую ж дату прызначылі рэспубліканскі суботнік. Але на акцыю сабралася каля 30 тысяч чалавек. Траціна ўдзельнікаў прыехала з забруджаных тэрыторый: людзі трымалі ў руках таблічкі з назвамі вёсак і пасёлкаў. Першапачаткова Чарнобыльскі шлях задумваўся як акцыя памяці, але з часам ён усё больш набываў пратэставы характар. З 1996-га яго сталі праводзіць кожны год.
Яшчэ адзін масавы мітынг БНФ правёў у лютым 1990-га, напярэдадні выбараў у Вярхоўны Савет. На плошчы Леніна ў цэнтры Менску каля 100 тысяч чалавек на чале з Пазьняком пратэставалі супраць недэмакратычнага правядзеньня выбараў. Мітынг скончыўся каля будынку Дзяржтэлерадыё, куды прыйшлі ўдзельнікі акцыі з патрабаваньнем даць эфір лідэрам БНФ — і эфір далі.
1989–1990. Першыя сапраўдныя выбары
Увесну 1989 году ў Савецкім Саюзе праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет па новым законе — першыя альтэрнатыўныя выбары народных дэпутатаў. У кандыдатаў была магчымасьць выступіць перад выбаршчыкамі і расказаць пра свае праграмы, падчас самой працэдуры было забясьпечана таемнае галасаваньне, разнарадкі пры вылучэньні кандыдатур у дэпутаты зьніклі.
У Беларускай ССР у сакавіку 1990 году ў Вярхоўны Савет былі абраныя 50 прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Прафэсар фізыкі Станіслаў Шушкевіч стаў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету. На выбарах у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці перамог кіраўнік саўгаса «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка.
Алеся Бяляцкага выбралі дэпутатам Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Калі ў 1991 годзе там разглядалі пытаньне нацыянальнай сымболікі, ён загадзя прынёс бел-чырвона-белы сьцяг. «Празь некалькі хвілін пасьля адабрэньня сымболікі сьцяг ужо разьвіваўся над Менгарвыканкамам. Першы ў краіне. За два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным», — адзначае ў лістах Бяляцкі. У гэты ж час з ініцыятывы дэпутата Бяляцкага Менгарсавет зацьвердзіў правілы на беларускай мове для Менскага мэтрапалітэну.
У жніўні 1991 году, на наступны дзень пасьля путчу ГКЧП, будучы стваральнік «Вясны» разам яшчэ з 28 дэпутатамі гарсавету выступіў са зваротам да менчукоў: «Захоўваць вернасьць законна абраным органам улады і дабівацца ўсімі канстытуцыйнымі мэтадамі спыненьня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту па надзвычайных сытуацыях». Пазьней, у 1995–1996 гадах, у гарачэйшы і больш небясьпечны для прыхільнікаў дэмакратыі час (у гэтыя гады ўлада прэзыдэнта ў Беларусі ўзмацнялася, але парлямэнт і гарадзкія саветы яшчэ былі месцам для дыскусій), Алесь Бяляцкі станавіўся заяўнікам шматлікіх масавых акцый у Менску. У выпадку разгонаў і затрыманьняў суд ня мог судзіць яго — як дэпутата — без дазволу гарсавету. А гарсавет, у які ўваходзілі ў асноўным дэмакратычныя дэпутаты, такога дазволу не даваў.
7 лістапада 1990 году на плошчы перад Домам ураду ў Менску адбыўся антыкамуністычны мітынг. Яго рыхтаваў Беларускі народны фронт. Час і месца правядзеньня выбралі сьвядома: у Беларусі афіцыйна адзначалі Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а плошча Леніна з помнікам правадыру пралетарыяту была сымбалем камуністычнай ідэі і савецкай ідэалёгіі.