Міхал Дворчык: У нядзелю прэзідэнцкія выбары могуць не адбыцца
2020-05-04 22:10
Анджэй Дуда пойдзе ў адстаўку, а выканаўцам абавязкаў прэзідэнта стане маршалак Сейму Эльжбета Вітэк. Усё, каб мець магчымасць перанесці прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на 10 траўня.
Гэтак сёння раніцай сцвярджаў польскі партал onet.pl , спасылаючыся на свае крыніцы. Прэзідэнт з гэтай публікацыі пасмяяўся ў сваім твітэры. Што адбываецца ў польскай палітыцы?
Падрабязнасці ад нашага карэспандэнта з Варшавы Вітаўта Сіўчыка:
„Застаецца тыдзень да зацверджаных прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы – 10 траўня. Але ці адбудуцца яны – дагэтуль няма адказу. Старшыня канцылярыі прэм’ера Міхал Дворчык у інтэрв’ю RMF.FM заявіў, што ў сувязі з палітычнай напругай вельмі верагодна, што выбары ў бліжэйшую нядзелю арганізаваць не ўдасца.
Дату выбараў паспелі зацвердзіць яшчэ да пачатку каранцінных абмежаванняў у Польшчы, уведзеных 14 сакавіка. Эпідэміялагічная сітуацыя адразу адбілася на выбарчай кампаніі. Палітыкі былі вымушаныя спыніць свае сустрэчы з выбарцамі, а кандыдатка ад Грамадзянскай кааліцыі Малгажата Кідава-Блоньска, якая паводле большасці апытанняў займала другое месца ў большасці рэйтынгаў, увогуле афіцыйна абвесціла пра замарожванне свае выбарчае кампаніі яшчэ 29 сакавіка і нават заклікала байкатаваць выбары. У сваю чаргу, іншыя кандыдаты на прэзідэнта – еўрадэпутат Лявіцы Робэрт Бедронь, і дэпутат Сейму ад Канфедэрацыі Кшыштаф Босак, беспартыйны Шымон Галоўня, старшыня Сялянскай партыі Уладыслаў Касіняк-Камыш таксама катэгарычна выказаліся за перанос даты выбараў, матывуючы гэта бяспекай і здароўем выбарцаў. 6 красавіка Сейм, які кантралюецца кіроўнай кааліцыяй Аб’яднанай Правіцы, ухваліў законапраект аб усеагульных карэспандэнцыйных выбарах – такім чынам сёлета прэзідэнта мелі б абіраць выключана па пошце. Мінуў амаль месяц, але Сенат, які кантралюецца апазіцыяй, дагэтуль не разгледзеў законапраекту. Прадстаўнікі кіроўнай партыі абвінавачваюць маршалка Томаша Гродзкага ў наўмысным зацягванні сітуацыі, той абвінавачанні адкідае. Між тым, 27 красавіка найвышэйшы суд выдаў меркаванне, у якім заявіў, што законапраект парушае прынцып таемнага і непасрэднага галасавання, і не павінен далей разглядацца. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што нельга дапусціць вакуўму, каб Польшча засталася без прэзідэнта, асабліва на час эпідэміялагічнага крызісу.
Паводле Канстытуцыі, выбары прэзідэнта павінны адбыцца не пазней за 23 траўня. Перанесці іх можна было б толькі пры ўвядзенні аднога з відаў надзвычайнага становішча – стану прыроднай катастрофы. У такім выпадку выбары павінныя адбыцца не раней як праз 90 дзён пасля заканчэння такога стану, а кадэнцыя дзейнага прэзідэнта аўтаматычна працягваецца. Яшчэ адзін варыянт прапаноўваў былы віцэ-прэм’ер Ярослаў Говін – змяніць галасаваннем у Парламенце Канстытуцыю такім чынам, каб прэзідэнту Анджэю Дудзе дазволілі застацца на пасадзе без выбараў цягам яшчэ двух гадоў – тэрміну, да якога чакаюць выпрацоўванне прышчэпкі ад COVID-19, а значыць і магчымасці правесці звычайныя выбары. Узамен Анджэй Дуда не змог бы быць кандыдатам на другі тэрмін. Аднак гэтая ідэя не была падтрыманая.
Сёння польскі партал onet.pl, спасылаючыся на некалькі крыніцаў з уладных колаў, выдаў артыкул, у якім гаворыць пра магчымую адстаўку прэзідэнта Анджэя Дуды. У такім выпадку б выканаўцам абавязкаў прэзідэнта стала маршалак Сейму Эльжбета Вітэк, якая б магла абвесціць новы тэрмін прэзідэнцкіх выбараў нават на 75 дзён пасля адстаўкі прэзідэнта. Анджэй Дуда толькі пажартаваў з гэтага журналісцкага артыкулу. У кожным разе, менавіта гэты тыдзень мае стаць вырашальным, у якім канчаткова вызначацца і з датай выбараў, і са спосабам іх правядзення”.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава