Мікола Валкіўскі: Мой родны горад знаходзіцца за 70 кіламетраў Беларусі, адкуль нас шмат разоў атакавалі
2022-04-28 15:16
Украінцы змагаюцца з ворагам. Але гэта не толькі Расійская федэрацыя. Гэта і нелегітымная ўлада ў Беларусі.
Слухайце далучаны файл!
Наш госць – Мікола Валкіўскі, стыпендыят праграмы Кіркладна ў Варшаве. Ён распавёў пра тое, як арганізуе збор і дастаўку гуманітарнай дапамогі ва Украіну, што думае пра беларусаў і Беларусь, з тэрыторыі якой абстрэльвалі яго родны горад Каросцень у Жытомірскай вобласці.
У 2020 годзе Мікола Валкіўскі стварыў фонд у Польшчы, які быў скіраваны на развіццё Украіны як дзяржавы – Першы міжнародны фонд развіцця Украіны. Яго задачай была папулярызацыя ідэй Украіны ў Еўрапейскай супольнасці і ў Польшчы. У 2022 годзе гэты фонд заняўся абсалютна практычнымі справамі – зборам і дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя ад вайны рэгіёны на Усходзе Украіны.
– Мы працуем шмат з якімі арганізацыямі замежжа са Швецыі, Германіі, Англіі, яны пастаўляюць гуманітарную дапамогу сюды ў Польшчу, а мы яе адпраўляем ва Украіну. Мая родная сястра жыве ў горадзе Корасцень, гэта 70 км ад мяжы ў Беларуссю. З боку Беларусі наш горад шмат разоў быў атакаваны. Яе арганізацыя называецца «Валанцёры Фартуны», гуманітарная дапамога ідзе на Усход Украіны для тых, каму гэта патрэбна. Цяпер шмат інфармацыі пра тое, як гуманітарную дапамогу выкарыстоўваюць для асабістага ўзбагачэння, перапрадаюць. Мы дакладна ведаем, што гэтая дапамога пойдзе таму, каму яна патрэбная.
Мікола гаворыць, што мае шмат кантактаў у Еўрасаюзе. З 2014 года ён працаваў у Вярхоўнай Радзе Украіны памочнікам народных дэпутатаў. У верасні 2021 года Мікалай прыехаў у Польшчу на праграму Кіркланда. Гэта праграма, якая дазваляе грамадзянам постсавецкіх краін атрымаць стыпендыю, каб заняцца даследаваннямі, вывучэннем дысцыплін, якія цікавяць. З Беларусі, да слова, таксама шмат людзей былі ўдзельнікамі гэтай праграмы ў папярэднія гады.
– Я прыехаў сюды на год, каб імплементаваць вынікі свайго даследавання пра двухбаковыя адносіны Польшчы і Украіны. Партнёры – шмат хто з іх мой таварыш і сябар, я ведаў іх раней. Яны ведаюць, што ўсю гуманітарную дапамогу мы дастаўляем своечасова і ў той колькасці, у якой атрымалі.
З транспартнымі момантамі дапамагае яго бацька, доктар-нарколаг па прафесіі, яму 63 гады, і, паводле ўкраінскага заканадаўства, ён цяпер мае права выязджаць з Украіны ў сілу свайго ўзросту. У сувязі з вайной, нагадаю, ва Украіне ёсць абмежаванні на выезд мужчын ва ўзросце да 60 гадоў.
Наш суразмоўца – чалавек з цікавай біяграфіяй, з 19 год на працягу васьмі гадоў ён працаваў памочнікам народных дэпутатаў у Вярхоўнай радзе, гаворыць, што быў самым маладым сярод сваіх калег – на момант пачатку кар'еры ямы было 19 год. Мікола працаваў на працягу трох скліканняў парламенту, гаворыць, што ніколі не меў нейкіх непаразуменняў у працы з прычыны ўзросту.
«Я разумеў, што праз год атрымаю больш досведу, змагу лепш рэагаваць на выклікі. Быў упэўнены, што вярнуся ва Украіну і буду там будаваць сваю кар’еру. Але тое, што адбылося, перавярнулі наша разуменне дзе мы знаходзімся і чаму», – гаворыць Мікола Валкіўскі пра вучобу і падзеі гэтага года.
– Мы разумеем, што многія ўкраінцы не хочуць ехаць далёка ад мяжы, застаючыся ў Прыкарпацці. Маёй бабулі 76 год. Ёй цяжка было зразумець, што трэба кудысьці ехаць. Было складана яе пераканаць, што варта выехаць хаця б ненадоўга. Яна разумее, што адбываецца. Цяпер са мной тут мая бабуля, тата, мы займаемся дапамогаю ўкраінцам. Канешне, я мог бы пайсці ваяваць, але, на маю думку, людзі, якія знаходзяцца тут могуць змагацца з тым, што даўно стала гібрыдным канфліктам.Важна змагацца і інфармацыйна. Я заўжды паўтараў той факт: украінцы змагаюцца з ворагам. Але гэта не толькі Расійская федэрацыя. Гэта і нелегітымная ўлада ў Беларусі, з якой ідуць абстрэлы маёй краіны. Расійская федэрацыя на пачатку вайны заяўляла. Што гэта толькі пачатак. Таму мы цяпер абараняем не толькі сябе, але і ўвесь дэмакратычны свет.
Мой родны горад знаходзіцца за 70 кіламетраў ад беларускай мяжы. Гэта памежны пераход «Выступовічы», там недалёка горад Мазыр. Я з дзяцінства памятаю, Як шмат людзей ездзіла да нас з Беларусі, каб нешта купіць ці прадаць. Але я разумею, што ёсць Беларусь, ёсць нелегітымная ўлада на працягу амаль 30 год. І ёсць свабода слова, якая змагла пра сябе загаварыць пасля выбараў 2008 года. Людзі, якія не згодныя з Лукашэнкам, паказалі сябе. Я памятаю гэтыя пратэсты і гэтыя настроі. Таму і кажу, што мы змагаемся не толькі з Расіяй, але і з нелегітымнаю ўладаю Беларусі.
І я лічу, што няправільна было праводзіць перамовы нашай уладаю з Расіяй на тэрыторыі Беларусі. Бо гэта дадае суб’етнасць рэжыму Лукашэнкі. Мы такім чынам прызнаем яго. Хаця разумеем, што ёсць дэмакратычны лідар, ёсць беларусы, якія змагаюцца за сваю дзяржаву, маюць дэмакратычныя каштоўнасці.
У Беларусі шмат людзей дапамагаюць нам. Ёсць пэўныя Тэлеграм-каналы, якія публікуюць інфармацыю пра перасоўванне расійскіх войскаў, калі і адкуль запускаюцца ракеты. І гэтая ўся інфармацыя ад людзей. Таму ў мяне няма непрыязнага стаўлення да беларусаў як да нацыі. Але ёсць непрыязнае стаўленне да таго лідара, які апошнія 30 год проста катуе свой народ, ніколі не прыслухоўваецца да людзей, што ёсць прапаганда, як у савецкія часы. І калі ёсць нязгодныя людзі, яны патрапляюць на Акрэсціна ці Валадарку, а калі з’яўляецца лідар, то яго адпраўляюць у турму на зняволенне да 15 год, або ўвогуле такія людзі знікаюць. Мы ведаем, што Лукашэнка рабіў са сваім народам, сваімі супернікамі з апазіцыі, якая была нязгодная з яго дзеяннямі.
Сваёй задачай Мікола Валкіўскі бачыць таксама распавядаць і тлумачыць, што такое Украіны і ўкраінцы, кажа, што неаднойчы чуў ад суразмоўцаў-расіян абвінавачванне, што ён «фашыст».
– Я памятаю вочы тых людзей, якіх сустракаў на мяжы. Мяне найбольш уразіў той факт, што за пяць хвілін людзі мусілі зрабіць выбар, які вызначаў іх жыццё на бліжэйшы час. Я спытаў у таты, калі, ён быў найбольш шчаслівы. Ён адказаў, што 23 лютага за дзень да пачатку вайны, мы нават не асэнсоўвалі гэтага. І ўсё змянілася за адзін дзень. Калі Расія кажа, што праводзіць дэнацыфікацыю і дэмілітарызацыю Украіны, як можна гэта рабіць у маёй дзяржаве і адначасова імкнуцца знішчыць тэлевежу побач з Бабіным Ярам у Кіеве. Гэта месца, дзе найбольшая колькасць габрэяў у Кіеве была закатаваная і забітая.
вх