Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакоста
2022-01-27 17:28
27 студзеня - Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакоста. Толькі на тэрыторыі Беларусі, за тры гады акупацыі, па падліках гісторыкаў, нацысты знішчылі да 800 тысяч жыхароў габрэйскага паходжання.
“Трагедыя нашага народа – гэта напамін пра тое, як лёгка можна згубіць чалавечае аблічча”, – гаворыць чалец Пінскай гарадской габрэйскай грамады Аляксандр Конкін:
– Што ў нас, у людзях, такое, што мы можам стаць катамі? Бо сярод эсэсаўцаў, якія абслугоўвалі “Асвенцым”, было шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. То бок адукацыя не панацэя. Як толькі чалавек пачынае думаць, што ў сваіх поглядах даў волю племянной маралі, то бок, той, хто належыць да майго племені, да майго народа, – гэта людзі. А ўсе астатнія – не. І гэта аказваецца дастаткова, каб з тымі, якія “не”, можна зрабіць усё, што заўгодна.
Сістэматычны пераслед і знішчэнне габрэяў у гітлераўскай Нямеччыне, а таксама ў акупаваных ёю краінах Еўропы, трываў з 1933 па 1945 год. За гэты перыяд нацысты знішчылі каля 6 мільёнаў чалавек габрэйскага паходжання.
Беларускае Радыё Рацыя