- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Стас Шашок быў у Беларусі актывістам «Моладзевага блёку». Пасьля рэпрэсій на радзіме выехаў ва Ўкраіну. Пасьля пачатку вайны ён застаўся ва Ўкраіне. Цяпер дакумэнтуе ваенныя злачынствы Расеі.
«11 месяцаў жыў у Беларусі на кансьпіратыўных кватэрах»
Стас паехаў зь Беларусі ў красавіку 2021 году. Да гэтага хаваўся ад рэпрэсій — 11 месяцаў жыў на кансьпіратыўных кватэрах.
«Было цяжка, мяняў месца жыхарства, быў на паўлегальным становішчы, ня мог дазволіць сабе розныя рэчы. Таму пасьля 11 месяцаў выехаў зь Беларусі. Трохі пажыў у Расеі і перабраўся ва Ўкраіну», — расказвае беларус.
Стас кажа, што ўвесь гэты час працягваў дакумэнтаваць катаваньні, якія зазналі беларусы ў аддзелах міліцыі, ізалятарах і турмах. «Гэта важна — каб у будучыні праводзіць расьсьледаваньні і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у катаваньнях. Цяпер мой досьвед дакумэнтаваньня злачынстваў стаў запатрабаваны ва Ўкраіне», — кажа Стас.
«Паліцыя і СБУ праводзілі з намі „фільтрацыйныя мерапрыемствы“, і я іх разумею»
Вайна застала Стаса ў Кіеве. «Я жыў непадалёк ад урадавага кварталу. Прачынаўся ад гукаў выбухаў ракет. Разумеў, што і мяне можа забіць. Шчыра кажучы, не хацеў такой долі, такой сьмерці. Вырашыў зь сябрамі ехаць на захад Украіны. Было нялёгка, як і ўсім. Трое сутак дабіраліся праз блёкпасты, стаялі ў вялізных заторах, якія не рухаліся. Да нас як беларусаў была, вядома, пільная ўвага з боку паліцыі і СБУ. Праводзілі „фільтрацыйныя мерапрыемствы“ — дапытвалі, правяралі тэлефоны, перапіску. Таму што мы мелі беларускія пашпарты і нумары на аўтамабілі. Ваеннае становішча, што паробіш. Часам было даволі жорстка. Трэба было даказаць, што ты не дывэрсант. За нас заступіліся нашы калегі, украінскія праваабаронцы», — патлумачыў Стас.
Урэшце ён дабраўся ў горад на захадзе краіны і пачаў працу — фіксацыю злачынстваў Расеі. Ён далучыўся да ініцыятывы «Эўрамайдан SOS». Яна працавала ў час Майдану-2014, цяпер аднавіла дзейнасьць.
«Тут таксама праблема была бытавая — некаторыя нядобрасумленныя людзі скарысталіся момантам і падвысілі цэны на жытло, часам нават у чатыры разы. Але ім супрацьстаяць: робяць публічнымі такія факты, здаюць у бюро эканамічных расьсьледаваньняў. Нейкага нэгатыўнага стаўленьня да сябе я пакуль не сустрэў. Можа, таму, што вельмі мала кантактую з вонкавым сьветам, бо цалкам паглыблены ў працу, няма часу гуляць. Але я не баюся і мне за сябе не сорамна, што я беларус. Калі ты беларус і апынуўся ва Ўкраіне — ты ўжо шмат зрабіў, я так лічу», — разважае Стас.
«Мэта — паказаць расейцам праўду і сабраць інфармацыю для міжнародных судоў»
Стас з калегамі фіксуе сьведчаньні людзей, якія зазналі жахі вайны, зьбірае фатаздымкі разбурэньняў цывільнай і крытычнай інфраструктуры, жылых дамоў, дзіцячых садкоў, школ, дарог.
«Фіксуем, куды трапляюць бомбы, як абстрэльваюць гуманітарныя калёны. Фіксуем тое, што зьяўляецца ваенным злачынствам. Я запісваю інтэрвію зь людзьмі, якія вырваліся з Ірпяня, Бучы. У Ірпяні расстралялі калёну цывільных аўтамабіляў. Там у калёне было шмат машын, у іх сядзелі людзі. Іх забілі. Трупы былі ў аўта ці ляжалі на дарозе, іх ніхто не хаваў.
Наша мэта — сабраць як мага больш сьведчаньняў. Найперш каб паказаць расейцам, што робіць іхнае войска, якое нібыта „не страляе па цывільных аб’ектах“. Па-другое, гэта збор матэрыялу для перадачы ў міжнародныя суды. Думаю, што будзе і ААН працаваць, і крымінальныя суды па гэтай тэме. Мы бяром згоду ў людзей на перадачу іхных сьведчаньняў. Магчыма, будзе створаны асобны трыбунал, такі, які стваралі ў Нюрнбэргу. Таму важна ўсё гэта цяпер зафіксаваць», — кажа Стас.
Цяперашнія сьведчаньні ўкраінцаў «больш жудасныя і бесчалавечныя», чым сьведчаньні тых, хто прайшоў Акрэсьціна і Жодзіна ў Беларусі, гаворыць праваабаронца.
«Мае калегі ледзьве давалі рады сабе, эмоцыям, каб дакумэнтаваць гэта. Праца нялёгкая таксама — дамовіцца з чалавекам, апісаць гэта ўсё, сабраць дакумэнты, занесьці ў базу. Нам раілі не рабіць больш за два інтэрвію на дзень, каб псыхіка была жывая. Мне чалавек з Ірпяня пералічыў кожны дом на кожнай вуліцы, якія былі зруйнаваныя. Ён апісваў спаленыя аўтамабілі, забітых людзей... І ты разумееш маштаб гэтай жудасьці. Я неўзабавае буду запісваць гісторыю, як адзін беларус трапіў у расейскі палон у Ірпяні, як яго расейцы абрабавалі. Яны скралі ў яго фотаапарат. Здаецца, навошта табе чужы фотаапарат, калі праз гадзіну ты ўжо, можа, будзеш мёртвы? Мяне гэта моцна ўразіла. Яны не разумеюць, у якім яны становішчы, і дазваляюць сабе рабаваць», — кажа Стас.