«Мой свет растае» - сучасны нарвежскі нон-фікшн пра Арктыку ў перакладзе на беларускую мову ад выдавецтва «Пфляўмбаўм»
2024-01-29 15:43
"Мой свет растае. Жыццё з кліматычнымі зменамі на Шпіцбергене" Лінэ Нагель Ільвісокер - гэта сучасны нарвежскі нон-фікшн пра Арктыку, які быў перакладзены на беларускую мову раней за дацкую і неўзабаве будзе надрукаваны ў Вільні.
Амаль дэтэктыў з ухілам у экалогію пераклала з нованарвежскай Алена Казлова, а як чытач яе адзначыў знакаміты брытанскі натураліст Дэвід Атэнбора.
Анатацыя ад выдавецтва Пфляўмбаўм / Pflaŭmbaŭm:
Нарвежская журналістка Лінэ Нагель Ільвісокер жыве з сям’ёй у Лонг’іры, самым паўночным населеным пункце-тысячніку, што знаходзіцца на Шпіцбергенскім архіпелагу, дзе глабальнае пацяпленне ідзе хутчэй, чым дзе-колечы на планеце.
У 2015-м лавіна накрыла цэнтр пасёлка, забраўшы жыцці маленькай дзяўчынкі і бацькі іншай сям’і. Наступная восень прынесла дажджы і земляныя апоўзні. З надыходам зімы новая лавіна абрынулася на дамы Лонг’іра.
Усё часцейшыя буры і адлігі выклікаюць трывогу Лінэ. Што адбываецца з яе пасёлкам і Арктыкай?
У пошуках адказаў яна гутарыць з метэаролагам, якая сама трапіла пад лавіну. Лінэ наведвае паляўнічага, які вытрымаў 40 зімовак у суворых умовах Шпіцбергена. Яна разбіраецца ў тым, што адбываецца з марскімі плынямі і надвор’ем, шукае сляды дагістарычных лясоў на архіпелагу, а ў паходзе з дзецьмі сустракае трох мядзведзяў.
На сваім даследчыцкім шляху яна апісвае змены, праз якія праходзіць Лонг’ір, і разважае пра парадоксы пасёлка, які жыве з вуглездабычы і турызму. Гэта бясстрашны і шчыры аповед ад першай асобы пра Арктыку.
Фота і дызайн вокладкі кнігі - Рагнхіль Утнэ.