Сёлета Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы святкуе 80-годдзе. Да юбілею прымеркавана тэматычная выстава «Купалаў дом — 80!», піша Антон Рудак у «Культура і мастацтва».
Як распавяла загадчык аддзела навукова-экспазіцыйнай работы Марыля Барткова, скарбніца была створана згодна з пастановай ЦК КПБ і СНК БССР ад 25 мая 1944 года як Літаратурны музей Янкі Купалы пры Акадэміі навук БССР, а дзверы наведвальнікам адчыніла ўжо налета 20 мая.
Першы дырэктар, удава паэта Уладзіслава Луцэвіч, так вызначыла місію музея: «Сабраць усё, што можна, аб Купалу — гэта наш абавязак перад гісторыяй». Сітуацыя ўскладнялася вось чым. Дом класіка, які знаходзіўся побач з месцам, дзе пазней узвялі сучасны будынак установы, згарэў у першыя дні Вялікай Айчыннай, а разам з ім быў знішчаны багаты архіў паэта і яго бібліятэка. У часы фашысцкай акупацыі таксама знік і той архіў, які Купала перадаў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР у міжваенныя гады. Тым не менш Уладзіслава Францаўна прыклала ўсе намаганні, каб сабраць багатую калекцыю матэрыяльных сведчанняў аб жыццёвым і творчым шляху мужа.
Сям’я літаратараў
Перш музей размяшчаўся ў будынку колішняга Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды, а ў маі 1951 года пераехаў у Саюз пісьменнікаў БССР, на вуліцу Энгельса, 27 (раён насупраць сучаснага кінатэатра «Піянер» і Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек). Скарбніца на вуліцы імя паэта, узведзеная ў 1959-м, прыняла першых наведвальнікаў 17 мая 1960 года, а адкрыў яе Кандрат Крапіва, народны пісьменнік БССР, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук. Уладзіслава Луцэвіч, на жаль, не дажыла да гэтага доўгачаканага дня ўсяго тры месяцы. Рабоце ў музеі яна аддала 16 гадоў.
Многія літаратары з гонарам называлі Уладзіславу Францаўну хроснай маці, паважаючы дапамогу, якую ўдава Песняра заўжды імкнулася аказаць маладым таленавітым аўтарам. Вядомы, напрыклад, выпадак, калі Уладзіслава Луцэвіч прычынілася да публікацыі нарыса «Вязынка» Уладзіміра Караткевіча. Ён наведаў радзіму Янкі Купалы ў 1954-м, прыехаўшы ў Беларусь з Украіны, дзе працаваў настаўнікам.
Пазней дырэктарамі музея былі многія беларускія майстры слова: Янка Шарахоўскі, Уладзімір Юрэвіч, Алесь Бажко, Аляксей Кулакоўскі. А з 1986 па 2002 год гэтую пасаду займала ўнучатая пляменніца Купалы — Жанна Дапкюнас.
Вобразы мінулага
Адным з цэнтральных экспанатаў выставы можна назваць бюст Уладзіславы Луцэвіч працы народнага мастака БССР і СССР Заіра Азгура, створаны ў 1977-м. Работа вярнулася ў Купалаў дом з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Вобраз самога Песняра прадстаўлены гіпсавай скульптурай аўтарства Аляксея Глебава, выкананай у Маскве, і прыжыццёвым партрэтам паэта, які быў напісаны ў 1921-м Дзмітрыем Полазавым.
Сувенірныя наборы цукерак да юбілеяў Янкі Купалы
Захаваліся каляровыя слайды і здымкі музея. Іх аўтар — фотакарэспандэнт «Камсамольскай праўды» Міхаіл Ананьін, заслужаны дзеяч культуры БССР, франтавік. Ён у кастрычніку 1941 года цяжкапараненым трапіў у палон і быў накіраваны ў лагер у Мінску. Уцёкшы адтуль у снежні, Міхаіл Пятровіч увайшоў у падпольную групу, якая дзейнічала на швейнай фабрыцы імя Крупскай і забяспечвала партызан адзеннем і абуткам, зброяй і боепрыпасамі, медыкаментамі і правіянтам. Увесну 1943-га Міхаіл Ананьін далучыўся да партызанскага руху, зрабіўшыся палітруком роты і партыйным арганізатарам атрада імя Варашылава 3-й Мінскай партызанскай брыгады, удзельнічаў у баях побач з Пухавічамі ды, акрамя таго, наладзіў выпуск рукапіснага часопіса «Народны мсцівец».
Сябры-мастакі
Таксама ў экспазіцыі можна пабачыць эскіз вітража «Папараць-кветка», выкананы і перададзены ў музей у 1970-я Аскарам Марыксам. Народны мастак БССР і адзін з заснавальнікаў беларускай сцэнаграфіі, славак па нацыянальнасці, нарадзіўся ў 1890 годзе ў Львове. Адукацыю па класе архітэктуры, дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва атрымаў у Пражскай акадэміі мастацтваў у 1912-м, пазней вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў, у Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Вене і Львове. Аўтар трапіў у Мінск у 1920 годзе, з 1922-га працаваў галоўным мастаком Беларускага дзяржаўнага тэатра, які цяпер носіць імя Янкі Купалы. Аскар Пятровіч быў блізкім сябрам народнага паэта.
Яшчэ адным прыяцелем Купалы з ліку мастакоў быў Канстанцін Елісееў, які нарадзіўся ў 1890-м у Санкт- Пецярбургу. Творца не толькі атрымаў вядомасць як тэатральны афарміцель і аўтар шаржаў ды карыкатур, але яшчэ і спрабаваў сілы ў якасці акцёра. У 1920-х Канстанцін Сцяпанавіч афармляў спектаклі ў Беларускім дзяржаўным тэатры. Пазней, вярнуўшыся ў Маскву, майстар сябраваў і супрацоўнічаў з Уладзімірам Маякоўскім і Сяргеем Эйзенштэйнам, напрыканцы 1930-х быў мастаком па касцюмах падчас здымак фільма «Аляксандр Неўскі» і «Ленін у 1918 годзе». На выставе паказаны і камплект мэблі, зробленай рукамі самога Канстанціна Елісеева. Патрэбныя для таго навыкі ён меў, бо рана страціў бацьку і вымушаны быў атрымаць рамесніцкую адукацыю, якая дазваляла здабываць сродкі на жыццё. Гасцюючы ў мастака ў Маскве на Вялікай Грузінскай вуліцы, Янка Купала любіў жартаваць, што адпачывае на «Елісейскіх палях». Елісееў, дарэчы, быў і аўтарам фотаздымкаў. Дзякуючы ім сёння мы можам пабачыць, як выглядалі інтэр’еры дома Луцэвічаў у міжваенную пару.
Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены рукапісы і фота з дароўнымі надпісамі, ліставанне і дакументы па гісторыі музея, энцыклапедычныя выданні і зборнікі твораў Янкі Купалы ды прысвечаных яму ўспамінаў. Напярэдадні чарговай гадавіны з дня нараджэння Песняра гэты праект — яшчэ адна добрая нагода бліжэй пазнаёміцца з жыццёвым шляхам літаратара, лёсамі людзей з яго атачэння і мінуўшчынай установы, якую па праве і сёння, праз 80 гадоў ад заснавання, супрацоўнікі ды госці ўспрымаюць як сапраўдны Купалаў дом.
Фота аўтара і з архіва музея