- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Алесь Таболіч – музыка і вакаліст гурта ZNICH. Напрыканцы мінулага года ён прыехаў у Польшчу. Кажа, што былі пагрозы, гурт патрапіў у «чорныя спісы» і не меў магчымасці выступаць у Беларусі. Але і ў Польшчы не ўсё так проста ды лёгка.
Алесь Таболіч, нагадаем, у 2020 годзе быў «кандыдатам у кандыдаты» – заяўляў сваю асобу ў якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Праўда, 100 тысяч подпісаў у падтрымку не сабраў і ЦВК не зарэгістраваў яго ў якасці кандыдата. Хаця, калі глядзець па таму, як разгортваліся падзеі, можа, гэта і да лепшага было.
– У Беларусі, вы самі разумееце, адбываецца ў нейкім сэнсе генацыд беларускага народа – знішчэнне ўсіх беларускіх каштоўнасцяў. Гэта гісторыя, мова, культура, традыцыі і гэтак далей. Беларусь паступова пераўтвараецца ў нешта кшталту ДНР, ЛНР пад новым сцягам, новай дзяржавай. Гэта адчувалася, калі пасля выбараў пачалі знішчаць усе арганізацыі, якія падтрымліваюць беларускую мову і культуру. Гурт Znich патрапіў у «чорныя спісы» – усе ініцыятывы, звязаныя з беларускай культурай, патрапілі пад забарону. Творчаму чалавеку немагчыма цяпер сябе там рэалізаваць.
Самы галоўны момант: мая палітычная дзейнасць у 2020 годзе. Я быў кандыдатам у кандыдаты. І бачылі ж, што адбываецца з іншымі кандыдатамі. Зразумела было, што заставацца ў краіне вельмі небяспечна. Шмат пагроз паступала ад незразумелых людзей. Вось чаму я разам з гуртом з’ехаў у Польшчу. Так, шмат хто ехаў ва Украіну. Але там на той момант ішла вайна, а цяпер і ўвогуле поўнамаштабная вайна, таксама там знаходзілася шмат ФСБшнікаў. Я вырашыў, што трэба ехаць у Польшчу, якая давала гуманітарныя візы.
Алесь Таболіч наракае, што не пабачыў сапраўднай салідарнасці беларусаў за мяжой. Кажа, што прапановы гурта да беларускіх ініцыятыў зладзіць выступы адпрэчваюцца.
– Вельмі складана адаптавацца ў Польшчы, калі ў цябе няма тых людзей, якія маглі б дапамагчы. Арганізацыі, якія быццам бы дапамагалі беларусам, насамрэч нічога не рабілі. Гэта я магу ад сябе сказаць, словамі дапамагалі, а справамі не. Усё трэба было прабіваць самому, праз знаёмых, праз палякаў. Знайшоў працу спачатку неафіцыйна, на будоўлі. Але «кідалі» то тут, то там. Потым знайшоў афіцыйную працу ахоўнікам, і цяпер гэтым займаюся. Але добра, што мы з гуртом можам працягваць займацца творчасцю: таксама дзякуючы палякам зрабілі колькі акустычных канцэртаў у Беластоку, у Гайнаўцы, у Варшаве.
25 сакавіка ва Вроцлаве ў нас будзе супольны канцэрт з Лявонам Вольскім і польскім гуртом Strachy na lachy. З задавальненнем зайграем.
Таксама размаўляем пра негатыўнае стаўленне да беларусаў як да саўдзельнікаў расійскай агрэсіі.