Музыку Юрыя Лакціёнава пакаралі штрафам за газеты
2021-02-01 17:22
У судзе Кастрычніцкага раёну Гародні адбыўся працэс над музыкам Юрыем Лакціёнавым па артыкуле 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса РБ, па якому звычайна судзяць незалежных журналістаў.
Хлопца пакаралі штрафам у 638 рублёў за знойдзеныя ў багажніку яго аўтамабіля газеты „Гродненское время”.
Хлопец лічыць сваю справу „высмактанай з пальца”:
– Яны там штосьці на хуткую руку наскладалі. У судзе яна мялася, казала: „Я не ведаю. Я не ў курсе. Я не разумею, чаму так адбылося. Гэта збой аўтаматызаванай сістэмы”. Агулам па факце мной разам з адвакатам у якасці абароны былі прадстаўлены доказы таго, што справа нават у прынцыпе не павінна была пачынацца. Доказы таго, што ў прынцыпе яно нічым не абгрунтавана і ніякіх канкрэтных доказаў няма. Але суддзя ўсё адно прыняў рашэнне на карысць таго, каб пакараць мяне штрафам.
Юры Лакціёнаў збіраецца далей абскарджваць пастанову суддзі:
– Канешне я буду падаваць у наступную інстанцыю. Спачатку ў абласны суд, спадзяюся, што ён што-небудзь вырашыць. Я не ведаю, на месцы судовага складу я б у такой справе проста не стаў бы брудзіцца. Лабоцкі напэўна вырашыў запляміць свой гонар, як мне здаецца.
Па пастанове суддзі хлопцу павінны вярнуць яго аўтамабіль, а тэлефоны і флэшкі застаюцца закладнікамі пакуль ён не сплоціць вялізны для яго заробку штраф.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча