На акцыі „кармлення галубоў” у Берасці было толькі 7 чалавек
2020-08-03 19:27
Сем чалавек – столькі праціўнікаў акумулятарнага завода прыйшло ў Берасці на плошчу Леніна на традыцыйную акцыю па кармленні галубоў. Усе астатнія пайшлі на мітынг Святланы Ціханоўскай.
Але гэта стала хутчэй выключэннем, і роўна праз тыдзень людзі зноў плануюць выйсці на плошчу, – распавёў праваабаронца Раман Кісляк:
– Адбылося кармленне галубоў. Людзей было мінімальна, усяго сем чалавек. Большасць адразу ехала на мітынг у падтрымку Святланы Ціханоўскай. Таксама была арганізаваная экскурсія на завод, але ніхто з людзей, у сувязі з мітынгам, гэтым не зацікавіўся.
Як адзначыў Раман Кісляк, таксама цяпер працягваецца праца ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму. Але больш актыўныя дзеянні запланаваныя на паслявыбарчы перыяд.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце