Абмеркаваньні канфэрэнцыі ў праграме
9 жніўня:
Сэсія № 1. Прыярытэты беларускага бізнэсу
Сэсія № 2. Лічбавая дэмакратыя
Сэсія № 3. Прыярытэты грамадзянскай супольнасьціПаведамленьне пра мінаваньне і эвакуацыя
Падчас
дыскусіі на першай сэсіі арганізатарам прыйшло паведамленьне аб
правакацыі. Усіх заклікалі пакінуць залю. Паводле паліцыі, паступіла
паведамленьне са сьпісам будынкаў, якія нібыта замінавалі ў Вільні. Усіх
гасьцей папрасілі на гадзіну спакойна выйсьці з памяшканьня.
Канфэрэнцыя працягнецца на вуліцы.
Павал Латушка заявіў, што зрыў канфэрэнцыі ніякім чынам не паўплывае на яе вынікі і ўхваленьне рашэньняў.
Прадстаўнік офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі пракамэнтаваў сытуацыю з замінаваньнем:
«На маю думку, гэта магла быць чыясьці правакацыя, каб сарваць канфэрэнцыю, якая добра і плённа ідзе. Спадзяюся, неўзабаве мы зможам вярнуцца назад у будынак і працягнуць яе».
У 12:36 абвесьцілі, што праверку будынку скончылі, бомбы не знайшлі і людзі могуць вяртацца.
Сэсія № 1. Прыярытэты беларускага бізнэсуПрадстаўніца Ціханоўскай у праўных пытаньнях Сьвятлана Бабінцава адзначыла, што цяпер на першы плян выходзяць праблемы, зьвязаныя з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі ва Ўкраіне. Паводле яе, цяпер галоўнае — палепшыць імідж беларускіх кампаніяў за мяжой і дапамагчы ім не сутыкацца з дыскрымінацыяй з прычыны беларускага паходжаньня.
Заснавальніца стартапу Тацяна Зарэцкая дадала, што кожны новы праект патрабуе фінансаваньня, але гэта выглядае праблематычна пасьля таго, як шмат грошай пайшло на барацьбу з каранавірусам, а потым на вайну. Паводле яе, новая Беларусь мусіць зацікавіць донараў, а таксама перагледзець структуру эканомікі і мэтазгоднасьць падтрыманьня стратных прадпрыемстваў.
Адначасова спатрэбяцца праграмы перакваліфікацыі працоўных кадраў. Зарэцкая мяркуе, што пасьля зьмены ўлады ў Беларусі будзе вельмі складана пераканаць вярнуцца назад той бізнэс, які рэлякаваўся ў іншыя краіны пасьля 2020 году, калі на той момант ён ужо будзе працаваць на іншым рынку 4-5 гадоў.
У той жа час Сьвятлана Бабінцава думае, што беларускі бізнэс, які застанецца працаваць за межамі, зможа фінансаваць адукацыйныя праекты, інвэставаць у іншыя прадпрыемствы.
Сэсія № 2. Лічбавая дэмакратыяІнжынэр Павал Лібэр мяркуе, што цяпер у Беларусі рэжым «заключыў» з грамадзянамі такі сацыяльны кантракт, паводле якога ён мае манаполію на тэрор у выпадку любой нязгоды. Таму важна падтрымліваць і разьвіваць лічбавыя праекты, каб спрасьціць людзям фізычнае жыцьцё.
«Апошнім часам зьявілася шмат такіх ініцыятываў. Напрыклад, тэлемэдычны праект пачынаўся з 16 лекараў, а цяпер павялічыўся да 160. Ёсьць лічбавы праект юрыдычных кансультацыяў. Наша задача — ня проста стварыць асяродзьдзе і ў яго рамках урад, а асяродзьдзе, якое будзе прыносіць карысьць. Нам даводзіцца працаваць у лічбавым фармаце, бо фізычная прастора цалкам прыдушаная. І гэта выклік, празь які нам усім трэба прайсьці», — сказаў Павал Лібер.
Старшыня аб’яднаньня RAZAM Антон Нядзелька расказаў аб сваім досьведзе лічбавай арганізацыі дзейнасьці беларускай дыяспары ў Нямеччыне. У арганізацыю ўваходзяць 280 беларусаў, якія жывуць у розных гарадах Нямеччыны. Арганізацыя дапамагала беларусам-уцекачам ва Ўкраіне і Нямеччыне — і ў побыце, і ў наданьні мэдычнай дапамогі.
Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, які мадэруе гэтую сэкцыю, зьвярнуў увагу, што лічбавая дэмакратыя мае быць вельмі бясьпечнай для карыстальнікаў.
Афіцыйная прадстаўніца Беларускіх кібэрпартызанаў Юліяна Шаметавец дадала, што для іхнай суполкі бясьпека — прынцыповы момант, каб людзі, якія ўдзельнічаюць, не пацярпелі ад рэпрэсіяў. «Мы заўсёды абнаўляем пратаколы бясьпекі і інструкцыі», — падкрэсьліла яна.
IT-прадпрымальнік Яраслаў Ліхачэўскі ў сваю чаргу дэталёва распавёў, як мусіць працаваць вэрыфікацыя грамадзяніна, які карыстаецца лічбавымі сэрвісамі. Прадстаўнік офісу Ціханоўскай Валер Кавалеўскі дадаў, што плятформа «Голас», дзякуючы якой стала магчыма даказаць фальсыфікацыі на выбарах 2020 году, стала першым прыкладам эфэктыўнасьці лічбавай дэмакратыі.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі станоўча адказаў на пытаньне, ці будуць дэмакраты, калі прыйдуць да ўлады, замяняць пашпарты, якія выкарыстоўваюцца цяпер. Замяніць іх будзе неабходным крокам «ужо хаця б таму, што сымбалі, якія ўтрымлівае цяперашні пашпарт, не адпавядаюць волі беларускага народу». Словы Кавалеўскага заля сустрэла аплядысмэнтамі.
Сэсія № 3. Прыярытэты грамадзянскай супольнасьціКіраўніца «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава заявіла пра тое, што праваабаронцам неабходна заставацца незалежнымі ад уплыву розных палітычных партый і разнастайных плятформаў. Толькі так яны змогуць выконваць свае задачы і адпавядаць заяўленым мэтам, каб эфэктыўна дапамагчы палітзьняволеным і іншым людзям, якія патрабуюць дапамогі.
Кіраўнік рады міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь», сузаснавальнік таварыства «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш заявіў, што неабходна «палітызаваць» беларускае грамадзтва.
«Тое, што ўлады закрываюць арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, так яна страляе сабе ў нагу. Гэта на крысьць нам. Я спачуваю сваім сябрам і знаёмым, якія церпяць ад таго, што закрываюцца важныя арганізацыі для грамадзянскай супольнасьці, але, на дзіва, гэта ідзе на карысьць нам, бо дзяржава губляе такі важны інстытут кантролю за сваёй дзейнсьцю.
Наша задача — палітызаваць грамадзтва. Нам трэба нарошчваць уцягнутасьць людзей у грамадзкі і палітычны кантэкст, кожны можа зрабіць гэта з кухні, гаворачы са сваімі знаёмымі і блізкімі. Варта крытыкаваць „фронтмэнаў“ грамадзянскай супольнасьці, фонды, ня ганіць, а менавіта прапаноўваць свае варыянты. Уцягнутасьць людзей у палітыку дапаможа стаць ім больш абазнанымі ў гэтым кантэксьце».
Прапанова Макара наконт вызваленьня палітвязьняў«Я ведаю, як вызваліць палітвязьняў», — заявіў на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні Ігар Макар.
Зь ягоных словаў, у яго ёсьць група паплечнікаў. Аднак ён не расказаў, як гэта зрабіць і што ён дзеля гэтага робіць. Непразрыста намякнуў, маўляў, чамусьці блогерку Вольгу Такарчук вызвалілі на 2 месяцы раней за тэрмін.
Макар спытаў у Ціханоўскай дазволу рабіць працу дзеля вызваленьня палітвязьняў. Дэмакратычная лідэрка заўважыла, што ня можа даваць дазволы, але запэўніла, што ейны офіс можа дапамагаць гэтай ініцыятыве, і папрасіла абмеркаваць пытаньне дэталёва па-за канфэрэнцыяй.
У офісе Ціханоўскай прызналі патрэбу ў новых спэцыялістахСьвятлана Ціханоўская і яе каманда заклікалі грамадзкіх актывістаў далучацца да працы ў розных кірунках, працягваючы іхныя палітычныя дамоўленасьці на міжнародным узроўні — для вызваленьні і рэабілітацыі палітвязьняў, для працы з грамадзянамі ў Беларусі, у міжнародных справах.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што неўзабаве на волю выйдуць тысячы беларусаў, асуджаныя паводле палітычных матываў з 2020 году.
«Мы на палітычным узроўні кожную сустрэчу кажам, што ім усім патрэбная будзе рэабілітацыя, псыхалягічная дапамога. Трэба рыхтаваць ужо зараз праграмы рэабілітацыі — на нацыянальным, на эўрапейскім узроўні. Але хтосьці мусіць далей працаваць праз тыя кантакты, якія мы наладжваем. Не хапае рук. Калі ў вас ёсьць людзі, якія могуць узяць гэты кірунак, — далучайцеся», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне аб дапамозе палітвязьням у Беларусі.
Ціханоўская пра Пазьняка: «Мы гатовыя да кампрамісу, але мусіць быць узаемны рух насустрач»«Каб дамаўляцца, патрэбна жаданьне з двух бакоў. Я ў свой час зрабіла спробу наладзіць кантакт зь Зянонам Станіслававічам. Я яму патэлефанавала, мы зь ім паразмаўлялі, але зноў жа… Калі чалавек кажа, што ён гатовы мяне бачыць толькі ў турме, я ня бачу сэнсу ў далейшай камунікацыі», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, адказваючы на пытаньне аб магчымасьці супрацы з Зянонам Пазьняком.
«Ён (Пазьняк. — РС) — вялікі чалавек для Беларусі. Я да яго стаўлюся з павагай, але калі камунікацыя на нейкім этапе не выходзіць, то, напэўна, няма сэнсу дабівацца. У нас ёсьць людзі, празь якіх мы можам кантактаваць зь Зянонам Станіслававічам, і нас гэта задавальняе», — дадала яна.
У той жа час Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла, што яна гатовая да кантактаў і кампрамісу, але мусіць быць рух насустрач.
Ціханоўская пра палітыку наконт беларускай мовы«Я лічу, што мы павінны размаўляць на беларускай мове, мы павінны прасоўваць сваю культуру і мову, але ж я — не найлепшы прыклад. Мне цяжка размаўляць на беларускай мове, я практыкуюся. Я знаходжуся ў асяродзьдзі, у якім размаўляюць па-беларуску, і мне стала лягчэй размаўляць за апошнія два гады».
Паводле Ціханоўскай, пытаньне мовы павінны вырашаць людзі. «Маё ўласнае меркаваньне — нельга загадамі ламаць людзей. Гэта перш за ўсё ўласныя крокі. Ніхто ня будзе пад пугай размаўляць па-беларуску. Калі мы будзем больш чытаць і чуць вакол сябе беларускай мовы, то і нам будзе лягчэй адаптоўвацца і ня думаць, што гэта мова вёскі. Гэта мова нацыі», — дадала яна.
Памінальная служба і беларускае шэсьце9 жніўня ў Вільні ў Катэдральным саборы Сьвятога Станіслава пройдзе памінальная служба памяці беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за незалежнасьць Украіны пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць яе.
Пасьля службы адбудзецца акцыя да 2-й гадавіны выбараў прэзыдэнта ў Беларусі і шэсьце да беларускай амбасады.
«Сёньня два гады з дня выбараў. Гэта быў такі палёт беларусаў, калі мы атрымалі магчымасьць бачыць і адчуваць адзін аднаго, а зь іншага боку — гэта памятная дата. Бо з гэтага дня пачаўся тэрор супраць беларусаў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.