29 ліпеня ад 10-й ранку да 10-й вечара па менскім часе на YouTube-пляцоўках праходзіць усебеларускі онлайн-маратон салідарнасьці «Нам ня ўсё адно!»
Яго галоўная мэта —
збор сродкаў для палітычных зьняволеных і іх сем’яў. З ініцыятывай правесьці такі маратон выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.
У арганізацыі і правядзеньні маратону ўдзельнічае больш за 20 незалежных мэдыя, сярод якіх Белсат TV, «Эўрарадыё», «Зеркало», «Обычное утро», Радыё Свабода, Радыё Ўнэт, «Страна для жизни», а таксама Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, «Брестская газета», «Маланка Медиа», «Мэдыязона», «Наша Ніва», Радыё Рацыя, «Салідарнасьць», BPN/Pozirk, Hrodna.life, Kyky.org, Nexta, Reform.by, Tribuna.com і многія іншыя.
Радыё Свабода на маратоне прадстаўляе былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч.
Сярод гасьцей онлайн-маратону — былыя палітзьняволеныя, журналісты Мікіта Мелказёраў, Аляксандар Івулін, Сьцяпан Пуціла, Павал Сьвярдлоў, Наста Роўда, сьпявачкі Маргарыта Ляўчук і Кацярына Ваданосава, музыканты Піт Паўлаў і Юры Стыльскі, пісьменьнікі Аляксандар Чарнуха і Ганна Златкоўская, спартоўка Кацярына Сныціна, палітаглядальнік Арцём Шрайбман і многія іншыя. Да этэру далучыцца лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская, а таксама кіраўнік НАУ Павал Латушка і прадстаўніца кабінэта па сацыяльнай палітыцы, ініцыятарка маратону Вольга Гарбунова.
Да пачатку маратону сабрана 17 685 эўра. Пасьля першай гадзіны 42 236 эўра. За дзьве гадзіны маратону сабралі ўжо больш за 120 000 эўра. Па стане на 14:25 менскага часу зборы дасягнулі 150 тысяч эўра.
Як будуць разьмяркоўвацца ахвяраваньні
Празрыстасьць разьмеркаваньня данатаў, сабраных на адзіны рахунак, будзе кантраляваць спэцыяльна створаная Назіральная рада, у якую ўвойдуць прадстаўнікі мэдыя — арганізатараў маратону.
Усіх гледачоў маратону, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бясьпеку: не рэпосьціць, ня лайкаць і не камэнтаваць трансьляцыю са сваіх пэрсанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.
Сьвятлана Ціханоўская: калі б я ня зьехала, я б не была голасам Беларусі
Сьвятлана Ціханоўская паўдзельнічала ў мерапрыемстве і адказала на пытаньні вядоўцаў.
«Асаблівасьці рухаў — ягоныя, але відэа можа быць пастановачным, нам нібыта адмыслова навялі камэру на дату, каб мы, відаць, пераканаліся. Сяргей гэта мой боль, але такіх палітвязьняў тысячы. 9 сакавіка ў яго быў адвакат, і з таго часу няма ніякай інфармацыі.
Першы крок я зрабіла дзеля Сяргея, дзеля каханьня да яго. Затым я ўбачыла калясальныя чэргі, салідарнасьць людзей, і ты проста ня можаш пакінуць гэта».
Таксама яна адзначыла, што ёй складана сказаць, ці было рашэньне выехаць зь Беларусі правільным. Але шмат што зьмянілі тэлефонныя пагрозы дзецям. І яна «не змагла б быць тым інструмэнтам, голасам вольнай Беларусі», якім яна ёсьць цяпер.
Кіраўнік фонду BySol: эвакуацыя будзе каштаваць вам цану квітка
Андрэй Стрыжак прыняў удзел у маратоне салідарнасьці з палітвязьнямі. Ён заявіў, што многія людзі па-ранейшаму знаходзяцца ў небясьпецы, таму параіў такім асобам пакінуць Беларусь.
«Ваш выезд будзе каштаваць вам цану квітка. Калі ў вас няма грошай, можаце зьвярнуцца да нас».
Ён дадаў, што ў фонд можа ахвяраваць праз PayPal, а неўзабаве зьявіцца магчымасьць рабіць данаты крыптавалютай.
За 2,5 гадзіны маратону сабрана ўжо звыш 125 тысяч эўра.