- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларуска-амерыканскае «пацяпленне». У мінулы аўторак упершыню за 10 гадоў у Беларусь прыехала прадстаўнічая дэлегацыя кангрэсменаў ЗША. На сустрэчу з журналістамі кангрэсмены спазніліся больш чым на гадзіну - затрымалі перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні таксама спазніўся на сустрэчу з украінскім спікерам, і, па інфармацыі naviny.by, гэтую затрымку растлумачыў так: "Нашы сябры прыляцелі здалёк праз акіян, у іх было да нас шмат пытанняў". Кіраўнік дэлегацыі і Хельсінкскай камісіі Кангрэса ЗША Бенджамін Кардэн распавёў журналістам, што станоўчым вынікам сустрэчы можна назваць абяцанне беларускага кіраўніка вызваліць з турмы грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра (што і было зроблена ў той жа дзень - Аўт.). "Мы мяркуем, што прыехаць у Беларусь было важна, бо лічым, што Беларусь не адпавядае патрабаванням АБСЕ, - дадаў спадар Кардэн. - Мы гэта сказалі непасрэдна прэзідэнту Лукашэнку. Мы абмеркавалі неабходнасць захавання правоў чалавека і дэмакратычных рэформ у краіне, патрэбу змянення выбарчага заканадаўства, выканання права апазіцыі крытыкаваць урад, абарону правоў грамадскіх недзяржаўных арганізацый, эканамічныя рэформы і правы рэлігійных меншасцяў Мы патлумачылі Лукашэнку, што Беларусь не адпавядае міжнародным стандартам у гэтых сферах".