- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кампанія па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў набірае ход. Як вядома, спачатку рэгістраваліся ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты, зараз у краіне ідзе збор подпісаў. Ідзе ціха, амаль незаўважна. Гэтыя самыя подпісы пазней будуць пададзены ў Цэнтрвыбаркам, дзе і вырашыцца, хто ў рэшце рэшт будзе зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Тым часам пры ЦВК працуюць назіральнікі - людзі, якія сочаць за правядзеннем выбарчай кампаніі. Сярод іх і прадстаўнікі апазіцыі. Адзін з іх - сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч. Сваімі ўражаннямі ад таго, як працуе ЦВК, Міхаіл дзеліцца з "Народнай воляй": - Я прысутнічаў на пасяджэнні ЦВК якраз у той дзень, калі там разглядаліся скаргі незарэгістраваных прэтэндэнтаў, - гаворыць ён. - Ну што магу сказаць? Лідзія Ярмошына - добрая актрыса. Яе майстэрству пазайздройсцілі б многія прафесійныя акцёры. Было відавочна, што Лідзія Міхайлаўна карыстаецца двайнымі, калі не трайнымі, стандартамі. Ёй удавалася, з аднаго боку, паставіць на месца "нязручнага" прэтэндэнта, а з другога - стварыць неабходную "карцінку" для тэлебачання: маўляў, мы ж прадстаўнікі народнай улады. Рабілася гэта вельмі прыгожа. Калі трэба было "зарубіць "кагосьці, Ярмошына наўпрост казала: "Можа, вам не варта спрабаваць ісці ў парламент, паспрабуйце сябе не ўзроўні мясцовых саветаў". I гэта было падобна на тое, як настаўнік у школе робіць заўвагі вучню-недарэку.