- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дэмакратычная місія ёсць. Ці будуць такімі ж выбары? У мінулы аўторак Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека накіравала ў Беларусь місію па назіранні за парламенцкімі выбарамі, якія адбудуцца 28 верасня. Місію ўзначаліў Герт Хінрых Арэнс, які правёў для журналістаў прэс-канферэнцыю. "Місія складаецца з 15 міжнародных экспертаў, якія будуць працаваць у Мінску, - паведаміў спадар Арэнс. - З 19 жніўня ў розныя рэгіёны краіны будуць накіраваны яшчэ больш сарака доўгатэрміновых назіральнікаў. Асноўная група і доўгатэрміновыя назіральнікі прадстаўляюць 22 дзяржавы-удзельніцы АБСЕ. Акрамя таго, мы зрабілі запыт аб накіраванні ў Беларусь 300 кароткатэрміновых назіральнікаў непасрэдна перад пачаткам выбараў для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, правядзеннем галасавання, падлікам бюлетэняў і падвядзеннем вынікаў выбараў". Па словах спадара Арэнса, пакуль беларускія ўлады абяцаюць стварыць усе умовы для працы місіі. - Спадзяёмся, што ўмовы будуць не такія, як раней, - кажа кіраўнік місіі. - Зараз, напрыклад, я ўжо сустракаўся з міністрам замежных спраў Беларусі і старшынёй Цэнтрвыбаркама. Мы дамовіліся, што нашы сустрэчы будуць штотыднёвымі. Акрамя таго, я ўжо размаўляў і з апазіцыйнымі лідэрамі - Вінцуком Вячоркам і Анатолем Лябедзькам. I мы гатовы сустрэцца з усімі кандыдатамі, якія будуць балатавацца ў парламент.