- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарышкіна, як і Мядзведзева з Пуціным, у кут не загоніш. Купэйны білет на цягнік “Мінск—Масква—Мінск” каштуе ў пераліку на валюту амаль 200 долараў. Пасля таго як фіскальныя органы нахабна і бессаромна выграблі з рэдакцыйнай касы ледзь не 200 мільёнаў рублёў, мы вымушаны лічыць кожную капейчыну. Але, нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча, нельга было адмовіцца ад запрашэння і не паехаць у Белакаменную на сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Сяргеем Нарышкіным: цяпер, калі паміж Крамлём і “Чырвоным домам” прабегла чорная кошка, нам, незалежным журналістам, трэба лавіць кожнае слова як з аднаго боку, так і з другога, і даносіць яго да шырокай грамадскасці. “Нашыя” не пашкадавалі многіх дзясяткаў мільёнаў рублёў беларускіх падаткаплацельшчыкаў, каб, склікаўшы з усёй Расіі больш за сотню “акул пяра”, зваліць усю віну за катастрафічнае пагаршэнне адносін паміж дзвюма “брацкімі краінамі” на Мядзведзева і Пуціна з іх “неабдуманай бязмозглай палітыкай”. Расійскаму боку на сіметрычны адказ нашаму сённяшняму правадыру не давялося раскашэльвацца — беларускія журналісты паехалі ў Маскву за свой кошт, ніхто не рыхтаваў ім і бясплатныя апартаменты ў “Прэзідэнт гатэлі”, як і авосек на зваротны шлях. Адным словам, танна абышлася казначэйству Крамля “прэсуха” Нарышкіна з удзелам беларускіх журналістаў, дарэчы, як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ.