- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Бог прыйшоў да нас у вобразе чалавека. З пастырскага паслання Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на Божае Нараджэнне. "Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць: нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан". (пар. Лк 2, 10-11). Глыбокапаважаныя браты ў святарстве, шаноўныя законнікі і законніцы, умілаваныя браты і сёстры! Гэтымі словамі, з якімі Анёл звярнуўся да пастушкоў, ад усяго сэрца вітаю вас ва ўрачыстасць Божага Нараджэння. Словы гэтыя адлюстроўваюць асноўны сэнс сённяшняга свята, бо абяцаны Богам Айцом яшчэ нашым прабацькам Адаму і Еве, прадказаны прарокамі, доўгачаканы Збаўца нарэшце прыйшоў у гэты свет - прыйшоў у вобразе звычайнага чалавека... Доўгія тысячагоддзі чалавецтва чакала Божага госця, які змог бы адказаць на пытанні, што яго хвалявалі. Сённяшняя ноч Божага Нараджэння сведчыць пра тое, што ўжо больш не трэба чакаць. Да нас прыйшоў не проста нейкі прышэлец, не іншапланецянін, але хтосьці значна большы - прыйшоў сам Бог; прыйшоў, каб дапамагчы загубленаму ў гэтым свеце чалавеку знайсці Яго і зразумець самога сябе...