- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сардэчна віншую ўсіх вас са светазарным і светавыратавальным святам Раства Хрыстовага! Сын Божы прыйшоў на зямлю згодна з усеблагой воляй Бога Айца, Які бясконца любіць створанае Ім чалавецтва. Паводле слова свяціцеля Льва Вялікага, «ніхто не адлучаны ад удзелу ў гэтым святкаванні, бо падстава для радасці агульная для ўсіх. Гасподзь наш, Пераможца граху і смерці, не знайшоўшы ніводнага бязгрэшнага чалавека, прыйшоў, каб усіх зрабіць свабоднымі». Свабода ад зла, граху і путаў самой смерці – вось той бясцэнны дар, які прынёс усім нам Збавіцель, народжаны пад зводамі Віфлеемскай пячоры. Слава ў вышніх Богу і на зямлі мір, у людзях добрая воля! (Лк. 2: 14) – такімі словамі ўславілі Ангелы нараджэнне Богадзіцяці. Звыш дзвюх тысяч гадоў хрысціяне з заміраннем слухаюць гэтае дзівоснае дабравесце пра Бога – Усяміласцівага Падаўца міру, невычэрпную Крыніцу мірнага ладу чалавечага быцця. Але вельмі важна для ўсіх нас, тых, хто верыць у Хрыста Збавіцеля, не толькі ўскладаць свае надзеі на Госпада і спадзявацца на Яго Промысел, але і самім імкнуцца набыць мірны настрой духу, стаўшы для свайго найбліжэйшага акружэння блажэннымі міратворцамі, пра якіх кажа Сын Божы ў Нагорнай пропаведзі (Мф. 5: 9). Мы закліканы зрабіць нашы душы прыстанкам Богаўгоднай добрай волі і быць здольнымі рабіць добрыя справы. Наша хрысціянская місія – рабіць дабро не ад выпадку да выпадку, але рэгулярна і пастаянна. У нашых сілах з дапамогай Божай рабіць добрыя справы.