- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Без намётаў... Чарговая пратэстная акцыя індывідуальных прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Мінску 18 лютага, была самай малаколькаснай. На гэты раз усё абышлося без перакрывання руху на праспекце Незалежнасці. Не было на Кастрычніцкай плошчы і абяцаных некаторымі прадпрымальнікамі намётаў. Увогуле пачатак акцыі нагадваў сустрэчу сяброў-журналістаў. На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля трох дзесяткаў прадстаўнікоў СМІ. У хуткім часе да іх падышоў міліцэйскі палкоўнік і прамовіў літаральна наступнае: "Мы вельмі паважаем вашую працу. Аднак не трэба тут збірацца. Бо вакол вас могуць сабрацца выпадковыя разявакі і пачаць мітынгаваць". На тое, каб пакінуць плошчу, журналістам далі пэўны час. Аднак яны разыходзіцца не збіраліся. Тады немаведама адкуль узяліся людзі ў чорнай форме і паціху сталі выцясняць нас з Кастрычніцкай плошчы ў бок старога горада. Акрамя прадстаўнікоў СМІ, у калоне былі заўважаны палітык Анатоль Лябедзька, былы палітзняволены Сяргей Скрабец і некалькі прадпрымальнікаў. Сярод іх - Віктар Гарбачоў і Алесь Таўстыка. У той дзень міліцыя і надалей прытрымлівалася падобнай тактыкі - не даць людзям сабрацца. Як толькі паблізу ад Кастрычніцкай плошчы збіралася хоць маленькая група патэнцыйных мітынгоўцаў, іх тут жа выцяснялі з плошчы. Свае дзеянні міліцыянты матывавалі тым, што на Кастрычніцкай заліваецца каток і перашкаджаць "заліву" не варта...