- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ: «Праўда — сястра волі». 25 лютага стартавала грамадзянская агульнанацыянальная кампанія “Гавары праўду!”. Учора ў інтэрнеце з’явіўся сайт кампаніі, на які выйшла ўжо нямала наведвальнікаў з канкрэтнымі пытаннямі да лідэра кампаніі Уладзіміра НЯКЛЯЕВА. — З дня прэзентацыі кампаніі прайшло ўсяго тры тыдні. Гэта, зразумела, не тэрмін, каб падводзіць вынікі, але ўсё ж скажыце: яны ёсць? — Ёсць. Кампанія рэальна запрацавала. Да прыкладу: я двойчы за гэты час з’ездзіў у Барысаў. Там мясцовыя ўлады сарвалі (адключыўшы сувязь) маю спробу пагаварыць з людзьмі па “прамой лініі”, не пусцілі на сустрэчу ў школу. Але не пусціць мяне на вуліцу яны не змаглі. І я пайшоў у самы праблемны раён горада — пасёлак Дымкі, дзе вясной людзі жывуць па калена ў вадзе, а зімой — па калена ў лёдзе. Літаральна ў вадзе і лёдзе, а не ў нейкім там пераносным сэнсе. Не толькі ў іхніх падворках, але і ў хатах хоць у хакей гуляй — не трэба будаваць аніякіх лядовых палацаў. Уявіце: ляжыць на ложку хворая (інвалідка Чарнобыля!) жанчына, а ложак — умерзлы ў лёд! І гэта доўжыцца з зімы ў зіму, з году ў год!.. Мы сабралі людзей, пагаварылі, выпрацавалі сумесны план дзеянняў, які праўдай сваёй пагражаў спакойнаму жыццю мясцовай улады — і яна заварушылася. Сёння ўжо завезена ў пасёлак гідратэхнічнае абсталяванне, каб, нарэшце, вырашыць праблему. А галоўнае ў чым?.. Галоўнае: людзі ўбачылі, што могуць — самі! — нешта ў гэтай краіне вырашыць, зрабіць.