- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў на стадыёне “Дынама” ў Мінску перад гледачамі паўстаў створаны пры дапамозе сучасных тэхналогій велічны вобраз Зубра, які вяшчаў па-беларуску. Прагучалі правільныя словы пра тое, што варта памятаць сваю гісторыю, што без мінуўшчыны няма будучыні. Адкрыццё гэтых спаборніцтваў таксама было адзначана нацыянальнымі элементамі: ажылі вобразы часоў Полацкай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага. Былі рыцары з “Пагоняй” на сцягах, быў Леў Сапега са Статутам ВКЛ, гучалі магутныя радкі Купалы, Багдановіча, Быкава… Але з рэальных выступоўцаў бліснуў беларускай мовай толькі… прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў славенец Янез Качыянчыч. Чым сарваў шквал воплескаў. Вядома ж, гэта плюс, што падчас афіцыйных урачыстасцяў сталі даваць болей месца нацыянальнай гісторыі ды культуры не ў саўковай, а ў паўнавартаснай трактоўцы. Але тое дазваляецца толькі строга паводле сцэнарыя, у зацверджаных высокім начальствам межах. Разам з тым згадайма, як на пачатку вясны афіцыйны кіраўнік публічна зладзіў халодны душ арганізатарам Дня Волі, што хацелі правесці імпрэзу на тым самым “Дынама”. У выніку ім было адмоўлена ў самых зручных пляцоўках, святкаванне скамечылі.