- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На гэтым тыдні А.Лукашэнка падпісаў закон, які ўносіць змяненні ў Працоўны кодэкс. Новы дакумент востра крытыкуюць кіраўнікі незалежных прафсаюзаў. Але дзіўна, што пры гэтым маўчаць працоўныя на прадпрыемствах, дзе ёсць сябры незалежных прафсаюзных арганізацый. Чаму? – Калі мы кажам, што Працоўны кодэкс крытыкуюць кіраўнікі незалежных прафсаюзаў, то гэта не азначае, што толькі я, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, выказваю сваё асабістае меркаванне, – у размове па тэлефоне заўважае Аляксандр Ярашук. – Гэта наша кансалідаваная пазіцыя, і няправільна падзяляць прафсаюзы і шараговых сябраў арганізацыі, якія працуюць на прадпрыемствах. Напрыклад, 18 ліпеня мы прынялі адмысловую заяву, дзе заклікалі прэзідэнта не падпісваць гэты закон. Усе выказаліся аднагалосна – і кіраўнікі галіновых прафсаюзаў, і шараговыя сябры, якія працуюць на заводах. Таму ў нас, думаю, функцыянуе тая сістэма, якая працуе ў нармальных дэмакратычных грамадствах. Нам, як кіраўнікам, людзі даверылі, і мы выказваем іх меркаванне. – Але не чуваць, каб працоўныя публічна выступалі з крытыкай таго ж Працоўнага кодэкса… – Калі вы маеце на ўвазе нейкія пікеты ці вулічныя акцыі, то гэтыя пытанні мы нават і не разглядалі. Мы зыходзім з таго, што ў сённяшняй сітуацыі, калі многія працуюць на кароткатэрміновых кантрактах, не варта падстаўляць сябраў незалежнага прафсаюза і заклікаць кагосьці да публічных акцый.