- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускі Цэнтрвыбаркам натужліва рэкламуе свой клопат аб інвалідах на будучых выбарах. На прэс-канферэнцыі 14 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла, што выступленні кандыдатаў тэлеканалы будуць даваць з субцітрамі для глухіх, на выбарчых участках створаць зручныя ўмовы для калясачнікаў. Пару дзён таму яна ж распавяла, што на ўчастках знойдуцца і трафарэты для невідушчых, лупы для людзей з пагоршаным зрокам. Усё гэта насамрэч здорава. Але кіраўніца ЦВК яўна змяшчае фокус з прынцыповых момантаў на тэхнічныя. Па вялікім рахунку з прызначанымі на 17 лістапада выбарамі ў Палату прадстаўнікоў усё стала абсалютна ясна ўжо 6 жніўня. Тады Ярмошына, адказваючы на пытанне БЕЛТА, заявіла, што ЦВК не стане рэкамендаваць выбарчым камісіям пры падліку галасоў паказваць бюлетэні назіральнікам на ўчастку, на чым даўно настойвала АБСЕ. З гэтага вынікае, што назіральнікі, нават валодаючы арліным зрокам, нават узброіўшыся лупамі ці біноклямі, не ўбачаць элементарнага – пазнак у кожным бюлетэні. На прэс-канферэнцыі 14 жніўня Ярмошына падкрэсліла, што паколькі ў Беларусі няма галасавання па партыйных спісах, то «ў нас немагчыма прыкрыцца папулярным брэндам», на нашых выбарах «кожны павінен сабой нешта ўяўляць». Але чым тады патлумачыць той парадокс, што Нацыянальны сход такі шэры і безаблічны ў адрозненне ад Вярхоўнага Савета, які ў 1996-м замахнуўся нават на імпічмент Аляксандру Лукашэнку (за што і быў ім ліквідаваны)?