- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цэнтральнай падзеяй Дня беларускага пісьменства, які прайшоў 1 верасня ў Слоніме, стала адкрыццё на цэнтральнай гарадской плошчы помніка Льву Сапегу. Плошча і прылеглыя да яе вуліцы ледзь змясцілі ўсіх ахвотнікаў папрысутнічаць на гэтым сапраўды гістарычным для горада мерапрыемстве. Пяціметровы бронзавы Сапега з гетманскай булавой у адной руцэ і каралеўскім прывілеем на выданне Статута ВКЛ у другой сапраўды ўражвае (трэба аддаць належнае знакамітаму скульптару Івану Міско, які родам з-пад Слоніма). Тысячы ўдзельнікаў і гасцей свята асобна і цэлымі кампаніямі цэлы дзень фатаграфаваліся на фоне канцлера – ажно ўтварылася даўжэзная чарга. Паказальны той факт, што на выраб помніка не было затрачана ні рубля бюджэтных грошай – гараджане сабралі іх на суботніках. Таму помнік з поўным правам можна назваць народным. Праўда, стаіць ён чамусьці на плошчы Леніна, на што звярнуў увагу прысутных у сваім выступленні Іван Міско. На яго думку, гэта ўжо ўспрымаецца як недарэчнасць, і плошча неўзабаве таксама павінна стаць Сапегаўскай. Як трапна заўважыла адна пажылая сланімчанка, схаваўшыся ад па-летняму спякотнага сонца ў ценю харугвы старажытнага Слоніма, Сапега засланіў сабой Леніна. І наступіць час, калі яму, бальшавіцкаму правадыру, наогул не знойдзецца месца ў горадзе па-над Шчарай. Да Дня пісьменства з’явіліся ў Слоніме новая кнігарня “Санет”, графіці гістарычнага зместу на фасадах дамоў, быў добраўпарадкаваны канал.