- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цяперашняя выбарчая кампанія выглядае надзвычай сумнай. Вертыкаль відавочна перастрахоўваецца. Апазіцыю амаль што цалкам пракінулі на этапе фарміравання выбаркамаў, яркія фігуры адсеяны пры рэгістрацыі, на этапе агітацыі пазбаўляюць кандыдацкага статусу найболей вострых крытыкаў цяперашняга палітычнага курсу, некаторыя выступленні цэнзуруюць і не пускаюць у эфір. Выступленні ж многіх праўладных кандыдатаў па тэлебачанні, іх надрукаваныя ў прэсе праграмы выглядаюць цалкам бездапаможнымі. Вось мне трапіліся на вочы праграмы двух кандыдатаў, што балатуюцца па Жодзінскай выбарчай акрузе №64, – валерыя стральчонка і Максіма Курыловіча. Абедзве шчодра нашпігаваны штампамі ў духу «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага». Сябар Камуністычнай партыі Беларусі, намеснік дырэктара політэхнічнага каледжа Стральчонак, напрыклад, дэкларуе: «Мэта маёй працы ў выпадку абрання дэпутатам – устойлівае і дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё горада Жодзіна і Смалявіцкага раёна». Выдатна, але за кошт чаго ён збіраецца гэтага дамагацца? У праграме маецца, праўда, пункт «Прыцягненне інвестыцый у акругу для развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі». Але якім чынам? Што, ён скажа: гэй, інвестары, усе сюды! – і яны пабягуць спатыкаючыся? Ці мо запэўніць: зуб даю, што менавіта тут вашы грошыкі прынясуць шалёныя дывідэнды? Смех дый годзе. Справа парламентарыя – каваць законы, якія павінны прыносіць карысць не толькі Жодзіну і Смалявіцкаму раёну, а ўсёй краіне.