- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Не паверыце, у ноч з мінулай пятніцы на суботу прысніўся сон, быццам усе беларускія газеты сталі цалкам беларускамоўныя. Аж у пот кінула: нават не прыгадваю, каб такое здаралася ад радасці. Зірнуў на гадзіннік – і подбегам пашыбаваў у бліжэйшую, праз дарогу ад мяне, крамку “Белсаюздруку”. Раскашэліўся і набыў суботнія нумары “Рэспублікі”, “Сельской газеты” ” і “Мінскай праўды”, пятнічны выпуск “Народнай газеты” і прафсаюзны “Беларускі час”. “Советскую Белоруссию” купляць не стаў, бо яна, хоць і аб’яўляе сябе цяпер як “Беларусь сегодня”, наўрад ці пры Паўле Якубовічу нават з беларускай пісьменніцай Людмілай Рублеўскай стане нацыянальна арыентаванай. Хіба што прэзідэнт загадае, і тады Павел Ізотавіч, безумоўна, возьме пад казырок. Праўда, пры нашым доўгатэрміноваправячым прэзідэнце, залежным ад суседкі Расіі, такое наўрад ці здарыцца. Хоць Аляксандр Лукашэнка пры яго харызме мог бы ўвайсці ў гісторыю Беларусі як прэзідэнт-адраджэнец. Яшчэ, між іншым, не позна.