- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першыя сляды чалавека ў басейне Віслы і Одэра з'явіліся каля 100 тыс. гадоў да н. э. Неандэртальцы-паляўнічыя (homo sapiens neandertalis) пранікалі галоўным чынам на тыя землі, якія сёння ляжаць на поўдні Польшчы. Першыя сляды сталых стаянак чалавека (homo sapiens) сягаюць перыяду мезаліту (8-5,5 тыс. гадоў да н. э.). Менавіта ў гэты час плямёны з арэала прыдунайскіх культур пачалі засноўваць паселішчы на тэрыторыі Польшчы. 3 цягам часу (у тым ліку і з-за частых набегаў ваяўнічых азіяцкіх плямёнаў) насельнікі зямель сённяшняй Польшчы пачалі аб'ядноўвацца ў буйныя племянныя саюзы і ўзводзіць умацаваныя паселішчы. Прыкладам такой формы будаўніцтва з'яўляецца паселішча ў Біскупіне (VIII ст. да н. э.), размешчанае на востраве і абкружанае земляным валам. У ім пражывала каля 1000-1200 чалавек. Пазней, пачынаючы з VI ст. да н. э., тэрыторыя Польшчы становіцца аб'ектам скіфскіх і сармацкіх набегаў з усходу і кельцкіх і германскіх - з захаду. Захопнікі часта асіміляваліся, асядаючы на заваяваных тэрыторыях. Ваенныя паходы, акрамя знішчэнняў, прынеслі на гэтыя землі дасягненні цывілізацыі і актывізавалі гандаль: першае ўпамінанне пра "Бурштынавы шлях" - з Балтыйскага ўзбярэжжа ў Рым - датуецца V ст. да н. э.