Наталля Сацункевіч: Гэта відавочны акт запужвання
2020-11-03 14:24
231 чалавек падазраваны ў крымінальнай справе паводле нядзельных мірных сходаў у Менску 1 лістапада.
Пра гэта заявіў Следчы камітэт Першамайскага раённага аддзела сталіцы. Справа ўзбуджана па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса — “дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”.
Гэта незвычайная сітуацыя для Беларусі, лічыць праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч:
– Па падзеях апошніх нядзельных маршаў ёсць кропкавыя ўзбуджэнні крымінальных справаў, але не такія масавыя. Гэта відавочна такі акт запужвання людзей, якія ходзяць на мірныя пратэсты ў нядзелю ды ў іншыя дні. І гэта вельмі добра карэлюе з заявамі Аляксандра Лукашэнкі на мінулым тыдні.
Праваабаронца адзначыла, што па інфармацыі, якая ёсць у СМІ ды іншых крыніцах, відавочна, што першага кастрычніка адбываўся менавіта мірны сход, і ніякіх дзеянняў, якія б груба парушалі грамадскі парадак, не заўважана. Праваабарончы цэнтр “Вясна” нагадвае: калі вы зазналі крымінальны пераслед, то тэрмінова звяртайцеся па дапамогу.
Кантакты можна знайсці на сайце spring96.org: тэлеграм-бот @viasna_bot
гарачая лінія:
+375 17 377 55 40
+375 44 734 45 51
+375 29 835 94 49
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя