Наталля Сцепанцова запрашае на “Ноч расстраляных паэтаў” у Беластоку
2021-10-27 15:33
У бліжэйшую пятніцу, у ноч з 29 на 30 кастрычніка беларусы па ўсім свеце правядуць акцыю “Ноч расстраляных паэтаў”.
Раней такая акцыя праводзілася ў Курапатах, але сёлета было вырашана адмовіцца ад такога фармату з-за небяспекі затрыманняў, а таксама дадаецца сітуацыя з каранавірусам.
Сёлета вечарыны памяці пройдуць у Вільні, Варшаве, Кіеве, Осла, Рыме ды дзясятках іншых гарадоў, падчас якіх зачытаюць вершы, заспяваюць песні і ўшануюць памяць рэпрэсаваных ў сталінскія гады. Да сусветнай акцыі далучаецца таксама і беларуская дыяспара Беластоку.
Запрашае яе прадстаўніца Наталля Сцепанцова:
- 29 кастрычніка ноч расстраляных паэтаў. Мы будзем чытаць вершы перад консульствам Рэспублікі Беларусь на вуліцы Электрычнай. Будуць чытацца вершы паэтаў, расстраляных гэтай ноччу, і мы будзем узгадваць усіх змагароў за свабоду і незалежнасць Беларусі.
“Ноч расстраляных паэтаў” у Беластоку пачнецца а 19-тай гадзіне перад будынкам беларускага консульства на вуліцы Электрычнай. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў сутарэннях менскай турмы НКУС былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты – дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў тагачаснай БССР.
Пасля адкрыцця ў 1988 годзе масавых пахаванняў расстраляных у Курапатах там сталі штогод 29 кастрычніка ладзіць «Ноч расстраляных паэтаў» з чытаннем іх вершаў і запальваннем сьвечак у памяць пра забітых.
Беларускае Радыё Рацыя