Нацыянальны архіў Беларусі не выдае інфармацыю пра рэпрэсаваных
2020-08-06 20:18
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адмаўляецца прадастаўляць інфармацыю пра рэпрэсаваных у сталінскія часы.
Сваякі расстраляных і высланых змагаюцца за права адкрыцця базы дадзеных, звесткі з якой яшчэ нядаўна былі ў вольным доступе. Але разгляд апеляцыі на рашэнне суда Першамайскага раёна прынёс адмову.
Юрыст Гары Паганяйла лічыць, што ўлады не хочуць лішніх асацыяцый, паколькі цяперашняя сістэма шмат чым нагадвае сталінскі рэжым.
– Людзі цікавяцца сваім мінулым. Хочуць ведаць праўду пра родных, якія былі жорстка рэпрэсаваныя. Многіх расстралялі. А нам адмаўляюць у гэтым. І гэта зразумела, таму што гаварыць пра гісторыю сталінскіх рэпрэсій у перыяд жорсткіх рэпрэсій лукашэнкаўскага рэжыму, проста не даводзіцца. Навошта нават абуджаць цікавасць да гэтых гістарычных фактаў. Пра гэта сёння ў падручніках па гісторыі не напішуць.
Яшчэ на судзе прадстаўніца Нацыянальнага архіву Алена Кушнова прызналася, што адна з галоўных прычынаў зачыніць базу — рост колькасці беларусаў, якія шукаюць дадзеныя аб тым, што іх рэпрэсаваныя сваякі мелі польскія карані. Звесткі патрэбныя, каб атрымаць у далейшым карту паляка.
Заяўнік Ігар Станкевіч кажа, што асноўны матыў закрыцця базы дадзеных — палітычны.
– Раней такую інфармацыю яны агучвалі выключна ў кулуарах, у калідорах. А зараз гэтую інфармацыю яна агучыла ўжо ў судовым паседжанні. Закрыццё базы дадзеных – гэта выключна палітычны аспект, праз які людзі згубілі доступ да самага простага атрымання звестак пра рэпрэсаваных.
Ігар Станкевіч гаворыць, што ёсць і больш лёгкія спосабы атрымаць карту паляка, аднак для ўладаў, якія не могуць забяспечыць годны ровень жыцця людзей, гэта проста нагода абмежаваць атрыманне звестак, якія маюць быць у вольным доступе.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск